Адносіны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай у канцы XV - 30-х гг. XVI ст.
p align="left">Ён не жадаў мірыцца са стратай таго выключнага становішча, і неўзабаве адкрыта выступіў супраць Жыгімонта. У студзені 1508 года ён сабраў каля 2 тыс. чалавек, з якімі спустошыў Слуцкую і Копыльскую воласці, захапіў гарады Мазыр і Бабруйск, двойчы абложваў Слуцк, чаргуючы штурмы з спробамі падпаліць горад. Аднак гарнізон, адбіў усе прыступы мяцежніка.

Увесну да Глінскага з'явіўся пасол Васіля III, нейкі Губа Маклакаў. Ён дамовіўся аб сумесных вайсковых дзеяннях і ад імя вялікага князя абяцаў яму ў валоданне ўсё заваяваныя літаўскія гарады. “… московский царь урадовавши, чуючи и знаючи о великом рицерстве Глинского, зараз ему присягал и чого бы колвек от него потребовал, тое скутелне выполните обецал, и на тое листы прислал потаемные.” [Цыт. па 5, с.102]

Неўзабаве Васіль Іванавіч разгарнуў наступ па трох накірунках. Палкі Данілы Шчэні з Ноўгарада і Якава Захарь'іна-Кошкіна з Масквы пайшлі на Смаленск. Войска Рыгора Фёдаравіча з Вялікіх Лук зрушылася да Полацка. Трэцяя раць, на чале з князем Васілём Іванавічам Шамяцічам, ішла на дапамогу Глінскаму. Маскоўскі гаспадар напісаў яму, каб разам з Шамяцічам ён «здабываў найблізкія да сабе гарады, а далёка з ёю не хадзіў, справу рабіў бы не спяшаючыся», пакуль падыдзе з Масквы другое, больш шматлікае войска. Шамяціч трымаўся бліжэй да поўначы, адкуль павінны былі прыйсці маскоўскія палкі, таму вырашылі ісці на Менск, адправіўшы перад сабою «загоны» (атрады лёгкай кавалерыі) у глыб Літвы для таго, каб устроіць паніку і перашкодзіць збору войскаў. Гэтыя «загоны» падыходзілі на 14 вёрст да Вільні, на 7 вёрст да Наваградка, захадзілі нават пад Слонім.

Толькі тады дайшло да мабілізацыі сілаў на абарону. Гетман Астрожскі, які яшчэ раней здолеў збегчы з маскоўскага палону, першым сабраў вершнікаў. Ў траўні ён заняў Тураў - гняздо бунтаўнікоў. У Лідзе збіралася шляхецкае рушэнне. Сюды праз Берасце ўжо спяшаўся з Кароны і Жыгімонт з 3-4-тысячным войскам палякаў. Калі сілы аб'ядналіся, кароль прызначыў іх галоўнакамандуючым Астрожскага. 20-га чэрвеня ён ўжо ўвайшоў у Менск: Глінскі адступаў на ўсход, да Барысава. Але Васіль III, апавясціўшы аб руху сваіх ваявод (Шчэню, Кошкіна і Фёдаравіча), загадаў Шамяцічу і Глінскаму ісці на злучэнне з імі ў стратэгічна размешчаную Воршу.

Шамяціч і Глінскі зрушыліся да Воршы, па дарозе занялі Друцк. Адначасова з імі да Воршы падышоў князь Шчэня з ноўгарадскімі палкамі, і разам яны пачалі аблогу крэпасці. Аднак ўзяць Воршу не атрымалася. Трэці ваявода, Якаў Кошкін, у гэты час час стаяў без справы пад Дуброўнай. 12 ліпеня 1508 года маскоўскія ваяводы пазналі, што войскі ВКЛ ідуць да Воршы. Хоць Глінскі гарэў жаданнем вялікай бітвы і ўгаворваў не ўхіляцца ад яе маскоўскіх ваяводаў, тыя не падзялялі аптымістычных планаў князя. Шырокай падтрымкі Глінскі не атрымаў. Яўна пераацаніў ён свае сілы і сваю значнасць. У вялікай гульні манархаў ён быў не роўны з роўнымі, а толькі адной з фігур, якой можна было і ахвяраваць.[14, с.24] Для тактыкі Масквы было натуральным не рызыкаваць войскам у адкрытай палявой бітве, а здабываць замкі і пустошыць воласці. I калі 13 ліпеня да Воршы стаў набліжацца Жыгімонт з 16-тысячным злучэннем Вялікага Княства і Кароны, яны паспешліва пераправіліся на левы бераг Дняпра і размясціліся ў лесе. На правым беразе ў баявым парадку паасобна спыніліся войскі К. Астрожскага, які кіраваў сіламі Княства, і М. Фірлея, які вёў палякаў. Аднак уначы ваяводы зняліся ды хутка павялі свае палкі ў бок Дуброўны і далей на паўднёвы ўсход, да Мсціслаўля, дзе разрабавалі і спалілі пасад. Потым іх войска пайшло да Крычава. Такім чынам, маскоўскія ваяводы разыйшліся з Астрожскім у розныя бакі.

У жніўні Астрожскі і М. Фірлей здзейснілі рэйд у Северскую зямлю, а смаленскі ваявода Кішка спаліў крэпасць Белую, авалодаў Тарапцом і заняў Дарагабуж, які спалілі самі гараджане, каб не пакідаць ворагу.

Тады ў контрнаступленне перайшлі маскавіты. Ваявода Кішка, які засеў у Дарагабужы, збег пры набліжэнні маскоўскай раці. Дарагабуж быў узяты. Такім жа спосабам ваявода князь Шчэня ўзяў Тарапец. Па нейкім няясным прычынам далей маскоўскія ваяводы не пайшлі.[8, с.32]

Жыгімонт I не меў сіл далей весці вайну, а Васіль 111 не меў больш жаданні ваяваць. 19 верасня 1508 года ў Маскву прыбылі каралеўскія паслы: полацкі ваявода Станіслаў Глебавіч, маршалак Ян Сапега і іншыя. Ужо 8 кастрычніка быў складзены «вечны мір» (гэта значыць бестэрміновы) паміж Маскоўскай дзяржавай і Літвой.

Паводле дагавора, Жыгімонт аддаў Маскве ў «вечнае карыстанне» усе заваёвы Івана III. Інакш гаворачы, цяжкія для Літвы ўмовы перамір'я літоўскага князя Аляксандра з Янам III сталі зараз умовамі «вечнага міра» паміж Жыгімонтам і Васілём III. Аднак шэсць воласцяў, занятых маскоўскімі войскамі падчас баявых дзеянняў 1507-1508 гадоў, прыйшлося вярнуць Літве. Сярод гэтых воласцяў былі і валодання Глінскіх.

Сваякам і прыхільнікам Глінскага было дазволена з'ехаць у Маскву. Паколькі ўсё ўладанні Міхаіла Глінскага засталіся ў Літве, Васіль III падараваў яму два горада - Малы Яраславец і Мядынь (па іншым звесткам - Бароўск), некалькі паселішчаў пад Масквой.

«Вечны мір» паміж Масквой і Літвой пратрымаўся ўсяго чатыры гады. Захоп маскавітамі Пскова (1510 г.) прывёў да вырашэння імі яшчэ адной даўняй знешнепалітычнай задачы. Салаўёў, спасылаючыся на летапіс, паведамляе: “двое сыновей Мангли-Гиреевых с многими толпами напали на украйну (маецца на ўвазе не тэрыторыя сучаснай Украіны, а ўскраіны маскоўскіх зямель), на Белев, Одоев, Воротынск, Алексин, повоевали, взяли пленных».[10, Т.5,с.234] Увосень 1512 года ў Маскву прыйшло паведамленне ад крымскіх «доброхотов», што, маўляў, паход крымскіх царэвічаў стаў вынікам дагавора, які заключылі паміж сабой Менглі-Гірэй і Жыгімонт.

Гэта прычына стала дастатковай для парвання мірнага дагавору. Васіль неадкладна паслаў Жыгімонту грамату, папракаючы яго ў падбухторванні Менглі-Гірэя супраць Масквы і ў зняважанні сваёй сястры Алены (удавы Аляксандра).

Алена неўзабаве памерла. Хітры інтрыган Глінскі тут жа падаў князю Васілю занатоўку, у якой упэўніваў, быццам бы яго сястру змарылі па загадзе віленскага каштэляна Юрыя Радзівіла. Нібы ён падкупіў прыслужніц, каб тыя яе атруцілі.[13, с.183] Таксама Міхаіл Глінскі, які добра разбіраўся ў еўрапейскай палітыцы, упэўніў Васіля III уступіць у саюз яшчэ ў 1508 г., да заключэння міра з Літвой, з германскім імператарам Максіміліянам. У лютым 1514 года ў Маскву прыбыў імператарскі пасол Сінцен Памер і заключыў дагавор, які прадугледжваў пераход земляў Тэўтонскага ордэна з васальнага падначалення Польшчы ў падначаленне Свяшэннай Рымскай імперыі, а Кіева і Смаленска - у склад вялікага княства Маскоўскага.

Але яшчэ да таго, як была складзены дагавор, у кастрычніку 1512 года на Смаленск рушылі з усходу палкі I. Рэпніна-Абаленскага, I. Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў - В. Адоеўскага ды С. Курбскага. Ім загадвалася спаліць смаленскія пасады і разам ісці на Воршу, Друцк, у глыб Беларусі. А 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём III ды ваяводамі Д. Шчэнем, А. Растоўскім, I. Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны аблягалі горад, абстрэльвалі яго з гармат, штурмавалі, а раць I. Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула каля 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль III адвёў свае войскі назад. Але налета пачалася новая кампанія. Саюзнік Масквы Максімільян I прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», а М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі рэйтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа.

Нягледзячы на тое, што смаленскі намеснік разбіў раць I. Рэпніна, ваяводы ізноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль III ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся са спусташальнага рэйду на Полаччыну.

Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 8 0 тысяч войска, якое мела да 2-х тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцыі, аднак абаронцы ў начной цемры аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Воршай жа Канстанцін Астрожскі з не-вялікай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. I ў лістападзе Васіль III мусіў чарговы раз зняць бясплённую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага з-пад Віцебска і Полацка, якія пустошылі землі ў гэтых раёнах. А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынята рашэнне аб трэцім смаленскім паходзе.[13, с.184]

У гэты ж час да вялікага князя маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля III была ўтворана ваенная кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў супраць Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апроч Маскоўскай дзяржавы ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. Тады ж у Маскве саюзнікі абмеркавалі праект падзелу Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.

Новы паход да Смаленска пачаўся 30 траўня (8 чэрвеня) 1514 года. 3 Васілём ішлі браты Юрый і Сямён, а трэці брат (Дзмітрый) устаў у Серпухаве для абароны паўднёвых межаў ад крымцаў. Чацвёрты брат (Андрэй) застаўся ў Маскве з той жа мэтай абараняць горад ад татараў, калі яны здзейсняць набег. Аблога Смаленска пачалася 26 ліпеня.

Маскавіты перакрылі ўсе дарогі да горада, пабудавалі батарэі для 300 аблогавых прылад і пачалі бесперапынны абстрэл горада. Трэці дзень абстрэлу стаў для смалянаў фатальным. Пушкар Стэфан (найміт-замежнік) першым жа стрэлам з вялізнай пішчалі патрапіў у гармату ў крэпасной вежы.Зараджаная гармата падарвалася, усё, хто знаходзіўся побач з ёй, загінулі.[10, Т.5,с.236] Праз некалькі гадзін Стэфан даў магутны залп з дзесяткаў гармат меншых калібраў з кожнага ствала некалькімі камянямі сярэдняй велічыні, пакрытымі свінцовай абалонкай. На гарадскіх сценах знаходзілася шмат ваяроў і апалчэнцаў.

Тады праваслаўны ўладар Варсанофій выйшаў на мост і стаў прасіць у вялікага князя перамір'я да наступнага дня. Але Васіль не пагадзіўся і загадаў страляць па горадзе з усіх гармат са ўсіх бакоў. На наступны дзень, 30 ліпеня, Васіль III паслаў у Смаленск сваіх ваявод, дзякаў з мэтай перапісаць усіх жыхароў і прывесці да прысягі «быць за вялікім князем і дабра яму жадаць, за караля не думаць і дабра яму не жадаць». Да вечара наступнага дня ўсе смаляне былі перапісаныя і прыведзены да прысягі. Намеснік Юрый Салагуб загадаў адчыніць галоўную браму і 1 жніўня Васіль III разам з уладаром Варсанофіем урачыста ўступіў у Смаленск.[10, Т.5,с.236]

Смаленскім князям, баярам і мяшчанам Васіль абвясціў сваю статутную грамату і прызначыў намеснікам баярына князя Васіля Шуйскага, а затым паклікаў усіх абедаць. Сологуб выказаў жаданне вярнуцца да Жыгімонта, пасля чаго быў адпушчаны. Але ў Вільні яго абвясцілі здраднікам і адсеклі галаву. Усім астатнім служылым людзям Васіль III таксама прапанаваў на выбар застацца ў яго на службе або вярнуцца да польскага караля. Пакінутыя атрымалі па двух рубля, тыя жа, хто вырашыў з'ехаць да караля, атрымалі па рублі (у той час новая хата каштавала не даражэй 50 капеек, так што грошы былі нядрэнныя). Тым смалянам, хто выказаў жаданне пераехаць у Маскву, атрымалі пад'ёмныя, хто застаўся, тыя захавалі за сабою ўсю сваю маёмасць. Пасля капітуляцыі Смаленска маскоўскія ваяводы імкліва рухаліся ўглыбкі Беларусі. Васіль III спяшаўся скарыстаць грандыёзны поспех і захапіць што паболей тэрыторыі да таго часу, як супрацоўнік апамятаецца ды арганізуе абарону. Сапраўды, за Смаленскам здаліся Мсціслаў, Крычаў, Дуброўна...

Толькі поруч рэкі Бярэзіны маскоўскае войска зышлося з перадавымі атрадамі арміі Жыгімонта I, пасля чаго звярнула назад, да Воршы.

У аблозе Смаленска актыўны ўдзел прымаў Міхаіл Глінскі. Ён быў упэўнены, што атрымае горад у якасці ўдзела, як яму раней абяцаў вялікі князь (паводле звестак імперскага пасланніка Герберштэйна). Па звестках з Лівоніі, Васіль абяцаў князю ва ўдзел які-небудзь з іншых літоўскіх гарадоў, якія будуць захоплены ў вайне з Літвой. Так ці інакш, падманіўшыся ў сваіх надзеях на Смаленск (Васіль III зусім не збіраўся аддаваць гэты ключавы пункт гэтак ненадзейнаму чалавеку). Глінскі моцна пакрыўдзіўся і ўступіў у перамовы з каралём Жыгімонтам. Той узрадаваўся, даслаў князю ахоўную грамату. Глінскі вырашыў таемна пакінуць свой атрад і збегчы ў Оршу, але адзін з блізкіх яго слугаў у тую ж ноч з'явіўся да князя Міхаіла Голіцы, даклаў аб уцёках свайго спадара і нават паказаў дарогу. Голіца, папярэдзіўшы ваяводу Чэлядніна, панёсся наўздагон за ўцякачом і схапіў яго той жа ноччу. Досвіткам Голіца злучыўся з атрадам Чэлядніна і яны разам павезлі Глінскага ў Дарагабуж, дзе знаходзіўся Васіль III. Адабраная ў Глінскага каралеўская ахоўная грамата стала пераканаўчым доказам супраць яго. Каралі бы князя, ды ён «віну» сваю прызнаў, у грахах павініўся, а галоўнае, не сходзячы з месца прыняў праваслаўе. У выніку жыццё яму захавалі, але адправілі ў маскоўскую вязніцу, дзе ён правёў 12 гадоў! Пасля гэтага мяцежны князь ужо ніколі не змог зноў увязацца ў палітычныя гульні.

Захоп Смаленска стаў вялікай стратэгічнай перамогай Масквы, але скарыстацца надоўга гэтым поспехам Васілю не атрымалася. Жыгімонт ужо здолеў сабраць значнае войска.

«Того ж року князь московский, осадивши до вязеня Глинского, а учувши о малом войску при кролю Жигмонте в Борисове, зараз послал до оного войска своего, которого был выправил 80000 на пустошене Литвы, абы просто до Борисова на Жигимонта…» [Цыт. па 5, с.105] . Так летапіс “Хроника Литовская и Жмойтская” пачынае паведамленне пра адну з самых бліскучых бітваў у гісторыі беларускага народа.

Але перш чым непасрэдна перайсці да падзей Аршанскай бітвы, трэба крыху сказаць пра чалавека, дзякуючы якому мы гаворым зараз аб бліскучай перамогі конніцы ВКЛ - гетмане найвышэйшым Канстанціне Астрожскам - палкаводцы, які выйграў 63 бітвы і быў разбіты толькі ў 3-х.

Ён уваходзіў у лік пяці найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Дастаткова сказаць, што да канца жыцця ў яго было больш 40 тысяч душ сялян мужчынскага полу, і ён мог выставіць за свой рахунак 426 вершнікаў - конных ваяроў у цяжкім узбраенні. Большы лік ваяроў выставіў у 1528 году толькі князь Альбрэхт Гаштоўт - 466 вершнікаў (па звестках перапісу войска ВКЛ у 1528 г.). Воінская служба Астрожскага пачалася ў канцы кіравання вялікага князя Казіміра IV, з удзелу ў паходах супраць татараў. Упершыню аб ім загаварылі ў 1491 году, калі ён вылучыўся ў бітве пад Ізяслаўлем, дзе конніца князя Сымона Гальшанскага дагнала і разграміла зыходзіўшую са здабычай і палоннымі арду крымскіх татараў. У 1497 году князь Астрожскі разбіў татараў тройчы: пад Мазыром, на рацэ Уша і поруч Ачакава, дзе ўзяў у палон аднаго з крымскіх ханаў. Стаўшы ў гэтам жа годзе гетманам найвышэйшым, ён, дзякуючы толькі асабістым талентам, здолеў захаваць за сабой гэту пасаду 37 гадоў (адзіны выпадак у гісторыі).[13, с.188-189]

Цяпер можна перайсці да падзей 1514 года. Войскі Вялікага княства былі ўжо на маршы. Жыгімонт сабраў ці не ўсіх, каго мог: каля 15 тысяч конніцы паспалітага рушэння, 14 тысяч наёмных коннікаў з Польшчы ды 3 тысячы наёмнай пяхоты. Да гэтага корпуса далучыліся таксама паасобныя ахвочыя паны з Вяліка- і Малапольшчы. У Менску быў праведзены генеральны агляд сілаў, і войска хутчэй рушыла на Барысаў. Далей можна было сутыкнуцца з ворагам, таму сенатары ўгаварылі караля і вялікага князя застацца ў Барысаве. Жыгімонт пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы вершнікаў, астатніх павёў наперад Астрожскі. Ужо 28 жніўня яго перадавыя роты некалькі разоў сутыкаліся з маскоўскімі часткамі. На Бярэзіне і Бабры яны лёгка пабілі супраціўніка і набралі языкоў. Ваявода Іван Чэляднін вырашыў не распыляцца і знішчыць усе войскі Княства ў генеральнай бітве. Ён адышоў на ўсход у пошуках зручнага месца і сабраў свае палкі за Дняпром на беразе Крапіўны, што паміж Оршаю і Дуброўнаю. Тут зграмадзілася ўся сіла маскоўскага войска - каля 80 тысяч феадальнай конніцы на чале з галоўнымі ваяводамі I. Чэлядніным і М. Булгакавым-Голіцай. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым парадку, яны ўтваралі фронт шырынёю ў некалькі кіламетраў.

Апісанне бітвы пад Воршай можна знайсці ў многіх сучасных беларускіх даследчыкаў: А. Грыцкевіча, У. Снапкоўскага, Г. Сагановіча. Адно з лепшых - паводле А.П. Грыцкевіча і Г.М. Сагановіча: “Гетман Астрожскі падышоў да Дняпра ўначы з 7 на 8 верасня і з ходу пачаў перапраўляць войскі праз раку. Для гэтага былі змайстраваны пантонныя масты са звязаных, добра заканапачаных бочак. У іншых месцах скарысталі змацаваныя ланцугамі і вяроўкамі бёрны, накідалі гаці. Частка конніцы магла перайсці Дняпро па бродзе ў вузкім месцы, недалёка ад Воршы.

Калі на левы бераг Дняпра пераправілася каля паловы войскаў Астрожскага, ваяводу I. Чэлядніну паведамілі аб гэтым і прапанавалі скарыстаць момант: ударыць па гэтай частцы і знішчыць яе. Галоўнакамандуючы маскоўскай арміяй самаўпэўнена адказаў: «Калі мы разаб'ём гэтую частку войска, дык застанецца яшчэ другая частка, з якой, відаць, змогуць злучыцца іншыя войскі, так што нам будзе пагражаць яшчэ вялікая небяспека. Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, несумненна, мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы. У рэшце рэшт нам не застанецца анічога другога, як заняць усю Літву».

На досвітку 8 верасня ўся конніца, пяхота і артылерыя Астрожскага былі ўжо перад маскоўскімі палкамі. Гетман паспеў расставіць іх у баявым парадку: на правым фланзе - харугвы конніцы з беларускіх і летувіскіх земляў пад камандаю Ю. Радзівіла, на левым - польская конніца на чале з В. Сампалінскім і Я. Свярчоўскім, а паміж імі - роты пяхотнікаў з ручніцамі. Пад прыкрыццё пяхоты была пастаўлена частка гарматаў, астатнія - пакінуты ў засадзе.

Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай рынулася ў атаку. Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. У бехцеры, без шышака, гетман гарцаваў наперадзе сваіх вершнікаў на даўганогім дрыкганту, насіўся, аддаючы кароткія загады, паміж харугвамі. Быццам выпрабоўваючы ворага, ён кінуў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды ізноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы.

Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова ўдарыць па флангу, аднак Канстанцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абедзве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею. Гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага княства Літоўскага. Хвіліны - і яна з лёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Раптам - замяшанне ў яго харугвах… Націск адразу аслабнуў, а яшчэ праз які момант сам гетман павяртаў іх назад. Рэхам панесла радасны крык тысячаў маскоўскіх коннікаў: «Літва ўцякае!»[Цыт. па 8, с.40]

Далейшае апісанне прыводзіцца паводле А.П. Грыцкевіча: “ Тады Чаляднін кінуў у бой усе свае сілы. Але ў гэты момант у тыле войска ВКЛ, конніца падзялілася на 2 часткі, якія хутка зманеўрыравалі ўбок. Уся маса маскоўцаў апынулася перад гарматамі і пяхотай, якія падрыхтаваліся да моцнага залпу. Маскоўская кавалерыя была расстраляна гэтым залпам і далейшымі стрэламі з гармат і пішчаляў па задніх радах. Пачалася паніка. Цяпер ужо ўцякалі рэшткі абодвух флангаў маскоўскага войска.” [ Грыцкевіч,А.П. Ішла ў бой беларуская конніца. // Народная газета.-1994.-7 верасня.-С.8].

Страницы: 1, 2, 3, 4



Реклама
В соцсетях
рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать