Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР
p align="left">Пачатак рэпрэсій у БССР быў падрыхтаваны вынікамі дзейнасці парткамісіі, накіраванай у маі 1929 г. Палітбюро ЎКП (б) у БССР. У поле яе зроку трапілі тыя дзеячы культуры, навукі, а таксама служачыя савецкіх устаноў, якія да таго часу актыўна праводзілі палітыку беларусізацыі. Да распачатай кіраўніцтвам КП(б) Б кампаніі асуджэння так званага нацыянал-дэмакратызма як кулацкай ідэалогіі далучыліся работнікі спецслужбаў. У выніку 23 кастрычніка 1930 г. старшыня ДПУ БССР Р. Рапапорт паведаміў аб раскрыцці падпольнай арганізацыі нацдэмаў «Саюз вызвалення Беларусі» («СВБ»). Да гэтага часу было арыштавана 86 чал., у тым ліку акадэмікі В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, прафессар А. Смоліч, пісьменнікі М. Гарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча, былыя наркамы Дз. Прышчэпаў, А. Баліцкі, намеснік наркама А. Адамовіч і інш. 4 лютага 1931 г. выключаны з партыі Ў. Ігнатоўскі пакончыў жыццё самагубствам.

У лютым 1933 г. работнікі ДПУ паведамілі аб раскрыцці «контр-рэвалюцыйнай эсэра-прышчэпаўскай арганізацыі» у Наркамземе БССР і Белтрактарацэнтры. У выніку было «абясшкоджана 1, 5 тыс. груповак, якія аб'ядноўвалі да 30 тыс. бандыцкіх элементаў».

Чарговым «поспехам» работнікаў ДПУ стала «выкрыццё контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Беларускі нацыянальны цэнтр», нібыта створанай польскімі спецслужбамі. У выніку па «справе БНЦ» было асуджана 97 чал.

У ліку іншых «контррэвалюцыйных арганізацый», выкрытых работнікамі ДПУ ў 1933 г., былі «Польская арганізацыя вайскова», «Беларуская народная Грамада» і іншыя. Усяго з канца 1920-х да сярэдзiны 1930-х гадоў у БССР было рэпрэсiравана звыш 46 тысяч чалавек, з якіх 13 тысяч - расстраляны.

Аб глыбокай канспірацыі «ворагаў народа» мусіла сведчыць выкрыццё ў 1937 г. народнага камісара ўнутраных спраў БССР Г. Малчанава, затым старшыні СНК М. Галадзеда, камандуючага Беларускай ваеннай акругі І. Убарэвіча, старшыні ЦВК БССР А. Чарвякова, І сакратара ЦК КП(б) Б В. Шаранговіча і многіх іншых.

На Беларусi у 1935-1940 гг. за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы» было прыцягнута каля 385 тыс. чалавек, з якiх больш чым 50 тыс. было расстраляна. У іх ліку - «члены падпольных антысавецкіх арганізацый»: трацкiстаў, правых, нацыянал-фашыстаў, эсэраў, бундаўцасiянiстаў, царкоўнасектантаў і інш.

У верасні 1938 г. масавыя рэпрэсіі былі арганізавана спынены, а пазасудовыя органы (за выключэннем Асобай нарады НКУС СССР) распушчаны. І. Сталіну спатрэбіўся час, каб падвесці вынікі кампаніі і здзейсніць кадравыя перастаноўкі. У прыватнасці, замест М. Яжова, пасаду народнага камісара ўнутраных спраў заняў Л. Берыя. Значную частку свайго часу новы наркам надаваў барацьбе з выпадкамі парушэння сацыялістычнай законнасці. У выніку многія работнікі апарату НКУС, у тым ліку яго папярэднік М. Яжоў, а таксама наркам БССР Б. Берман, таксама былі расстраляны.

Усяго з 1921 па 1953 гг. за «контрэвалюцыйныя злачынствы» было асуджана 3 777 380 чал., з іх да вышэйшай меры пакарання былі прыгавораны 642 980, да зняволення - 2 369 220 чал., да ссылкі і высылкі - 765 180 чал. Каля 2, 9 млн былі асуджаны пазасудовымі органамі, каля 900 тыс. - судамі і ваеннымі трыбуналамі.

У іх ліку былі і тыя, хто актыўна змагаўся за Савецкую ўладу - В. Кнорын, М. Крыленка, К. Ландэр, М. Калмановіч, В. Фамін. Сімвалам трагедыі сталінскіх ахвяр сталі ўрочышча Курапаты каля Мінска, Бутава каля Масквы і іншыя месцы.

4. Грамадска-палітычная сітуацыя ў БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе

Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця народаў СССР першых пасляваенных гадоў з'ўляўся высокі духоўны ўздым савецкіх людзей, выкліканы перамогай у Вялікай Айчыннай вайне.

Палітычная сістэма паступова аднавіла сваю дзейнасць. Як і раней, у цэнтры яе знаходзілася ЎКП(б) (з 1952 г. - КПСС). З разгромам фашызму - аўтарытэт яе Генеральнага сакратара, генералісімуса Савецкага Саюза і старшыні Савета Міністраў І. Сталіна максімальна ўзрос. Нават у афіцыйным ужытку распаўсюдзіўся тытул тытул «Правадыр усіх часоў і народаў», а перамога ў вайне асацыіравалася з яго іменем. У ліку набліжаных да яго асоб былі члены Палітбюро - Л. Берыя, Г. Малянкоў, В. Молатаў, М. Булганін, М. Хрушчоў.

Партыйную арганізацыю БССР узначальвалі П. Панамарэнка, са студзеня 1947 г. - М. Гусараў, з ліпеня 1950 г. - М. Патолічаў. На вышэйшыя партыйныя, савецкія, грамадскія пасады вылучаліся былыя кіраўнікі падполля і партызанскага руху І. Варвашэня, В. Казлоў, І. Кожар, С. Прытыцкі. Шэрагі КП(б) Б імкліва павялічваліся. Так, у пачатку 1945 г. у яе складзе налічвалася 29 515, 1951 г. - 116 663, 1954 г. - 129 585 камуністаў і кандыдатаў у члены партыі.

Выбары ў Вярхоўны Савет СССР (1946), Вярхоўны Савет БССР (1947), мясцовыя Саветы (1948, 1950), а таксама народных суддзяў і народных засядацеляў па-ранейшаму былі безальтэрнатыўнымі, але надзвычай масавымі, і прайшлі пад лозунгам падтрымкі «блоку камуністаў і беспартыйных». Як і раней, праца Саветаў была фактычна зведзена да ўхвалення, станоўчага каментавання i адпаведнай канкрэтызацыi партыйных рашэнняў.

Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця канца 1940-пачатку 1950-х з'яўлялася аднаўленне рэпрэсій. Так, у верасні 1950 г. па «ленінградскай справе» было расстраляна 6 высокапастаўленых дзяржаўных дзеячаў. Рэпрэсіі былі выкарыстаны і ў дачыненні шырокага кола грамадзян СССР: жыхароў Прыбалтыкі, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, дзе адбывалася калектывізацыя і разам з ёй - высылка ў Сібір «класава чужых элементаў». Пад падазрэнне спецслужбаў трапілі практычна ўже жыхары часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі БССР, у тым ліку члены мінскага падполля. Паэты С. Шушкевіч, С. Грахоўскі і інш. былі ізноў арыштаваны і высланы з Беларусі. Мiнiстр асветы БССР П. Саевiч па абвiнавачаннi у супрацоўнiцтве з югаславамi быў асуджаны на 25 год турмы. У 1948 г. на падставе сфальсіфікаванай справы «Антыфашысцкага яўрэйскага камітэта» у СССР пачаліся рэпрэсіі сярод яўрэйскай інтэлігенцыі. Так, 13 студзеня 1948 г. у Мiнску быў забіты народны артыст СССР С. Мiхоэлс. А «справа ўрачоў», якія быццам планавалі атруціць вышэйшых дзяржаўных асоб, выклікала ўсплёск юдафобіі на дзяржаўным узроўні.

Умовы «халоднай вайны» прымусілі партыйнае кіраўніцтва ўзмацніць ідэйна-палітычнае выхаванне насельніцтва. Так, у 1946 г. яго жорсткай крытыцы падвергліся рэдактары часопісы «Звезда» і «Ленінград», аўтары кінафільма «Вялікае жыццё» У «няміласць» трапілі літаратары Г. Ахматава і М. Зошчанка

Актыўнасць ідэалагічных і следам - карных службаў выявілася ў бібліятэчнай і выдавецкай справах, калі ў 1948 г. Галоўліт СССР забараніў для грамадскага чытання 185 назваў кніг.

На хвалі прапаганды ўсяго савецкага лічылася непатрыятычным станоўчыя ацэнкі заходняй культуры, навукі тэхнікі. Таму барацьба супраць «бязроднага касмапалітызму» і «нізкапаклонніцтва перад Захадам» таксама стала характэрнай рысай грамадскага жыцця СССР. Так, у лік «нізкапаклоннікаў» трапілі прыхільнікі не прызнанай на той час у СССР навукі генетыкі. 22 лістапада 1947 г. акадэмік А. Жэбрак за крытыку мічурынскага напрамку біялогіі ў амерыканскім часопісе «Science» быў адхілены ад пасады прэзідэнта АН БССР.

Важнейшым сродкам у фарміраванні ў савецкіх грамадзян ідэйнага імунітэту супраць буржуазнай ідэалогіі з'яўлялася сістэма прапаганды, якая ахоплівала ўсе дзяржаўныя і грамадскія структуры - ад дзіцячых садочкаў - да ВНУ. Усхваленне Сталіна як «Леніна сёння» з'яўлялася калі не асноўнай, то адной з галоўных частак ідэйна-прапагандысцкай работы.

Уздым яе прыпаў на снежань 1949 г., калі паўсюдна ў СССР ішло святкаванне юбілею правадыра. З гэтай нагоды ў БССР адбылося 31 500 мiтынгаў з удзелам 3 млн чал. Група пісьменнікаў і паэтаў напісала «Пiсьмо вялiкаму Сталiну ў слаўнае 70-годдзе дня нараджэння ад беларускага народа». У яго ж гонар у 1952 г. у Мінску быў узведзены найвялікшы ў краіне манумент.

Такiм чынам, пасля вайны грамадска-палітычнае жыццё ў БССР уваходзіла ў звыклае, апрабаванае рэчышча. Перамога над фашызмам не змянiла прыроды сталiнскага рэжыму. У яго аснове ляжала жорсткая цэнтралiзацыя ўсiх бакоў жыцця, неймавернае ўсхваленне асобы І. Сталіна, непрымiрымае стаўленне да станоўчых ацэнак замежных дасягненняў навукі, тэхнікі, культуры. Разам з мабiлiзацыяй народа на стваральную працу скiраваную на аднаўленне i далейшае развiццё гаспадаркi, грамадскага i культурнага жыцця, шырока практыкавалiся метады адмiнiстрацыйнага прымусу. Распачатая ў Заходняй Беларусі гвалтоўная калектывізацыя прыводзіла да новых ахвяр і пашырала сацыяльную базу антысавецкіх бандфарміраванняў.

Дзейнасць спецслужб спалучалiся з шырокай падазронасцю ўлад да людзей, хто ў часы вайны трапiў пад нямецкую акупацыю, у тым лiку партызан i падпольшчыкаў. Антысемітызм, барацьба з «бязродным касмапалітызмам» - характэрныя рысы сталінскага рэжыму апошніх год яго існавання. Разам з тым складанае палітычнае становішча, што існавала ў БССР, нівеліроўвалася працоўным энтузіязмам па адраджэнні эканомікі і культуры, паступовым павышэннем жыццёвага ўзроўню людзей, высокай ідэйнай свядомасцю, верай у партыю і правадыра. Перажытая вайна здавалася ім самай страшэннай бядой, у параўнанні з якой недахоп прадуктаў харчавання, тавараў народнага спажывання, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, і нават пагроза рэпрэсій лічыліся часовымі цяжкасцямі.

5. Асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 50-х - 60-я гг. ХХ ст.

Пачатак змен да лепшага ў СССР, у тым лiку i БССР, быў звязаны са смерцю Сталiна 5 сакавiка 1953 г. i перастаноўкамi у вышэйшых эшалонах улады. Так, пасаду Старшынi Савета Міністраў заняў Г. Малянкоў. М. Хрушчоў узначалiў Сакратарыят ЦК, Л. Берыя - Міністэрства ўнутраных спраў (з уключэннем у яго склад Міністэрства дзяржаўнай бяспекі), М. Булганiн - Мiнiстэрства абароны, К. Варашылаў - Вярхоўны Савет СССР.

У сродках масавай інфармацыі часцей стала праводзіцца думка пра калектыўнае кiраўнiцтва. У сталіцы БССР, абласцях i раёнах адбывалiся пленумы, прысвечаныя ўмацаванню калегiяльнасцi у рабоце партыйных органаў, развiццю крытыкi i самакрытыкi, павышэнню адказнасцi камунiстаў. Тым часам у Прэзідыуме ЦК паміж уладальнікамі ключавых пасад пачалася барацьба за вызначальны ўплыў і аднасобную ўладу. Каб знайсці падтрымку ў масах грамадзян, Л. Берыя перапыніў «справу ўрачоў» і аддаў загад аб частковы вызваленні рэпрэсіраваных асоб. У выніку на волю выйшлі 1 181 264 з 2 526 402 асуджаных, галоўным чынам, па крымінальных артыкулах.

Большасць партыйнай эліты выказвала апасенне, што з перамогай Л. Берыя ў краіне ўсталюецца рэжым яшчэ больш жорсткі, чым пры Сталіне. З усведамленнем таго М. Хрушчоў заручыўся падтрымкай маршала Г. Жукава і 26 чэрвеня на пасяджэнні Прэзідыума ЦК арганізаваў арышт свайго канкурэнта. У вынiку Л. Берыя быў выведзены з ЦК, выключаны з партыi і па прыгавору суда расстраляны. Чарговы (вераснёўскi) 1953 г. Пленум ЦК КПСС усталяваў пасаду Першага сакратара ЦК КПСС i абраў на яе М. Хрушчова. З гэтага часу ўвайшлi у практыку сумесныя пастановы ЦК КПСС i Саўмiна СССР, якiя павiнны былi сведчыць аб узмацненнi функцый Саветаў. Але, як i раней, вызначальную ролю ва ўсiх сферах жыццядзейнасцi краiны адыгрывалi партыйныя органы. На 1 студзеня 1954 г. у КПСС налічвалася 6, 9 млн камунiстаў, з якiх 129 585 - у складзе КПБ.

Партыйнае i савецкае кіраўніцтва рабiлi захады, накiраваныя на прадухiленне ў будучым парушэнняў законнасцi. У сакавіку 1954 г. ізноў аднаўляўся партыйны кантроль над дзейнасцю сілавых міністэрстваў. Так, МДБ выводзілася з МУС і рэарганізоўвалася ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ). 30 красавiка 1954 г. Вярхоўны суд СССР рэабiлiтаваў ахвяр так званай «ленiнградскай справы» i пакараў тых, хто сфабрыкаваў яе. Так, па прыгавору суда былы МДБ Абакумаў i тры яго памагатыя былi расстраляны. У чаканнi суда памёр i кат беларускага народа, былы кіраўнік НКУС БССР Л. Цанава.

Лiквiдаваўшы найбольш адыёзныя рудыменты рэжыму, апарат КПСС пакінуў непарушнай камандна-адмiнiстрацыйную сiстэму. Негалосна прынятая лiнiя на спыненне палiтычных рэпрэсiй не раскрывала iх прычын i асабiстай ролi у iх Сталiна. Больш таго, у снежнi 1954 г. у краіне шырока адзначалася яго 75-годдзе. З такой жа ўрачыстасцю 22 красавіка 1955 г. адзначалася 85-годдзе са дня нараджэння Ў. Ленiна. Такім чынам, у грамадска-палітычным жыцці тэма «Ленін-Сталін» была непадзельнай. Яскравым увасабленнем таго з'яўляўся Маўзалей, у якім захоўваліся парэшткі абодвух правадыроў.

У працэсе дзейнасці групы членаў ЦК КПСС па рэарганізацыі сістэмы кіравання склаліся перадумовы для крытыкі сталінізму. Першыя крокі ў гэтым напрамку былі зроблены 14-25 лютага на ХХ з'ездзе КПСС, дзе з дакладам «Аб кульце асобы i яго вынiках» выступіў М. Хрушчоў. Гэтае выступленне, а таксама пастанова ЦК КПСС ад 30 чэрвеня 1956 «Аб пераадоленнi культу асобы i яго наступстваў», былі прыхільна сустрэты грамадствам і арыентавалі яго на далейшае развіццё савецкай дэмакратыі.

Па ўказаннi ЦК КПСС следчымi органамi БССР была праведзена праверка судовых спраў даваенных гадоў. У вынiку было ўстаноўлена, што iснаванне на Беларусi антысавецкага падполля ў 1937-38 гг. з'яўлялася вынiкам фальсiфiкацыi. У гэтай сувязі з 1956 па 1962 было рэабiлiтавана 29 012 чал.

Супраць М. Хрушчова, які ініцыяваў крытыку Сталіна, выступіла група членаў Прэзідыума ЦК на чале з В. Молатавым, але пацярпела паражэнне. Гэта дало І сакратару КПСС магчымасць завяршыць распачатую працу па асуджэнні культу Сталіна. Прамова М. Хрушчова на ХХІІ з'ездзе КПСС (17-31 кастрычнiка 1961 г.) знайшла падтрымку большасці народа, асабліва творчай інтэлігенцыі.

Грамадска-палітычнае жыццё СССР і БССР увабрала ў сябе стыль, метады і наступствы кіравання М. Хрушчова, які займаў пасады І сакратара ЦК КПСС і старшыні Савета Міністраў СССР. Неўзабаве і ён стаў прымаць рашэнні аднасобна, не параіўшыся з акружэннем. Уласцівы яму стыль кіраўніцтва - валюнтарызм - выявіў сябе ў непрадуманай рэарганізацыі амаль усіх партыйных і ўпраўленчых структур. Але савецкая палітычная сістэма засталася нязменнай.

Ва ўмовах панавання КПСС паўнаўладдзе Саветаў было немагчымым у прынцыпе: іх кiраўнiцтва абiралася пад партыйным кантролем, пры прамым i непасрэдным удзеле камунiстаў. Разам з тым Саветы ўсiх узроўняў пачалi лепш выконваць свае гаспадарчыя, арганiзацыйныя i культурна-выхаваўчыя функцыi. Палажэннi аб сельскiх, пасялковых, раённых, гарадскiх Саветах адлюстравалi iмкненне да развiцця дэмакратыi. Яны заканадаўча замацавалi правы і абавязкі дэпутатаў, усталявалi iх недатыкальнасць. На працягу 1950-х гг. працоўныя Беларусi двойчы бралi удзел у выбарах у Вярхоўны Савет СССР, двойчы ў Вярхоўны Савет БССР i тройчы ў мясцовыя органы рэспублiкi. За безальтэрнатыўны спiс кандыдатаў блоку камунiстаў i беспартыйных галасавала звыш 99% выбаршчыкаў.

Прафсаюзы заставаліся самай масавай грамадскай арганізацыяй. З 1951 па 1960 г. колькасць яе членаў павялічылася з 815 тыс. да 1 988 тыс. Па-ранейшаму асноўнай сферай дзейнасці прафсаюзаў з'яўлялася вытворчасць. Па iх iнiцыятыве з ладзіліся спаборнiцтвы «за званне брыгад выдатнай якасцi», «за эканомiю iнструментаў», «за сумяшчэнне прафесiй», у якіх удзельнiчала 95,2% працоўных. З 1958 г. разгарнуўся рух за званне ўдарнiкаў i брыгад камунiстычнай працы. З 1962 г. - за званне «майстар-залатыя рукi».

У 1950-я гг. раслi i умацоўвалiся камсамольскiя арганiзацыi рэспублiкi. Калi у 1950 г. у шэрагах ЛКСМБ налiчвалася 368 тыс. камсамольцаў, то да 1961 г. ужо 621 тыс. ЛКСМБ здзяйсняў шэфства над пiянерскай арганiзацыяй, браў удзел у сацыялістычных спаборніцтвах. Па заклiку партыi камсамол Беларусi узяў удзел у асваеннi цалiны ў Казахстане, Сiбiры, на Алтаi i Урале. Камсамольскія работнікі папаўнялі кадры партыйна-савецкай наменклатуры БССР. Яе тагачасны кіраўнік І сакаратар ЦК КПБ К. Мазураў заўсёды аператыўна рэагаваў на дырэктывы з Крамля. У 1958 г. М. Хрушчоў пад час наведвання БССР высока ацаніў шанцы беларускага народа ў пабудове камунізму.

Поспехі пасляваеннага аднаўлення эканомікі СССР, выкрыццё сталіншчыны, знішчэнне «жалезнай завесы» і часовае прыпыненне «халоднай вайны», усё гэта і іншае надало савецкаму грамадству моцны імпульс далейшага развіцця. Але ўсё гэта і іншае не задавальняла частку партыйнай наменклатуры, якую палохаў працэс дэмакратызацыі грамадства. У выніку 13 кастрычнiка 1964 г. на пасяджэннi Прэзiдыума ЦК КПСС М. Хрушчову былi прад'яўлены прэтэнзii за развал сельскай гаспадаркi, злоўжываннi у кадравай палiтыцы, праявы культу яго асобы. Больш абрунтавана гэта прагучала назаўтра, 14 кастрычнiка 1964 г. на Пленуме ЦК у дакладзе А. Суслава «Аб ненармальным становiшчы, што склалася ў Прэзiдыуме ЦК у сувязi з няправiльнымi дзеяннямi Хрушчова». У выніку апошні «па ўласным жаданнi» ён быў вызвалены ад займаемых пасад.

Такім чынам, кароткачасоваму перыяду знаходжання М. Хрушчова ва ўладзе ўласцівы велічныя і заганныя падзеі, рэзкія кантрасты, дасягненні і страты. Як кіраўнік дзяржавы ён наблізіўся да народа і мкнуўся палепшыць яго жыццё, але як партыйны дзеяч, ён рабіў гэта ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі аб народных патрэбах і тымі ж, добра апрабаванымі дырэктыўнымі метадамі. «Хрушчоўскай адлізе» уласцівы несумяшчальныя супярэчнасці: з аднаго боку выкрыццё сталіншчыны, амністыя і рэабілітацыя пацярпелых ад яе, з другога - адсутнасць галоснасці, патуранне новаму культу, прапаганда ўтопіі камуністычнага грамадства. Намаганнямі Хрушчова савецкае грамадства пазбавілася сталінісцкіх крайнасцяў, але глыбокіх дэмакратычных пераўтварэнняў не адчула.

6. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 70-я - першай палове 80-х г. ХХ ст.

У кастрычніку 1964 г., пасля адстаўкі М. Хрушчова першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Л. І. Брэжнеў, старшынёй Саўміна СССР - А.М. Касыгін. Пасля ХХІІІ з'езда КПСС (сакавік-красавік 1966) Прэзідыум ЦК быў ізноў перайменаваны ў Палітбюро, і адноўлена назва «Генеральны сакратар». З'езд cкасаваў ранейшую пастанову аб забароне абрання адных i тых жа асоб на кiруючыя пасады больш, чым тры разы запар. Адначасова адбывалася далейшая цэнтралізацыя партыйна-дзяржаўнага апарата. Да бліжэйшага акружэння Л. Брэжнева належалі члены Палітбюро - старшыня КДБ Ю. Андропаў, міністр абароны Дз. Усцінаў, міністр замежных спраў А. Грамыка.

Рэальныя рычагi улады засяродзіліся ў наменклатуры. Адначасова ў яе асяроддзі ўкараніліся такія хібы, як бюракратызм, карупцыя і пратэкцыянізм. Яе намаганнямі з'явіліся «падзаконныя акты», «тэлефоннае права». Шэраговыя камунiсты не мелi магчымасцi уплываць на дзейнасць камiтэтаў, тым больш - фармiраваць палiтыку партыi.

Саветы як выбарныя органы ўлады па-ранейшаму заставаліся на другi плане. Сесii Вярхоўнага Савета СССР і саюзных рэспублік адбываліся з удзелам дэпутатаў, абраных за працоўныя або iншыя заслугi, без улiку iх дзелавых якасцей як законатворцаў. Выбарчая сістэма па-ранейшаму прадугледжвала безальтэрнатыўнасць. Удзел электарата ў выбарах пры «ўмелых падліках» - быў не менш выніковым, чым пры Сталіне, бо часам дасягаў 99,96%.

Прафсаюзы зрабіліся неафіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі. Іх функцыі па абарона інтарэсаў работнікаў былі дзейснымі ў той ступені, у якой яны не супярэчылі інтарэсам парткама і адміністрацыі прадпрыемства або ўстановы.

Камсамолу быў адведзены свой сектар грамадска-палітычнай, галоўным чынам, ідэйна-выхаваўчай работы. Пасады кіруючых органаў УЛКСМ з'яўляліся наменклатурнымі. Усплёскі камсамольскай актыўнасці былі звязаны з правядзеннем фестываляў і спартакіяд моладзі і студэнтаў, дзяржаўных святаў, летніх «працоўных» семестраў і інш. Імкненне функцыянераў аб'яднаць у камсамоле максімум юнакоў і дзяўчат праблемы камуністычнага выхавання не вырашала.

У 1977 г. была прынята трэцяя Канстытуцыя СССР. У шостым артыкуле вызначалася роля партыі як кіруючай сілы савецкага грамадства і тым пацвярджалася манапольнае становішча КПСС у савецкай палітычнай сістэме. Там жа паведамлялася аб з'яўленні ў СССР новай сацыяльнай і інтэрнацыянальнай супольнасці - савецкага народа. У выніку КПСС ператваралася ў агульнародную, а Саветы працоўных дэпутатаў у Саветы народных дэпутатаў. Але сама ўлада агульнанароднай так і не зрабілася. Нягледзячы на адмову ад сталінізму як ідэалогіі і практыкі савецкага будаўніцтва, партыйныя лідэры не адмовіліся ад камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання.

Вярхі кіруючай партыі з часоў Леніна фарміравалі і фармулявалі адзіную для ўсіх савецкіх грамадзян ідэалогію. Па сутнасці, усё грамадска-палiтычнае жыццё было запраграмаваным і падкантрольным партыйным органам. Яно было моцна ідэалагізаваным ва ўсіх яго формах і праявах. Адной з мэтаў усёй ідэйна-выхаваўчай дзейнасці - натхніць працоўныя масы на пабудову матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма. Высокі працоўны рытм павінны былі забяспечыць заклікі аб датэрміновым выкананні пяцігодак, кампаніі (ініцыятывы, пачыны, ударныя вахты і г.д.), кампаніі: «60-годдзю ўтварэння СССР - 60 ударных тыдняў», «Пяцiдзённае заданне - у чатыры днi», «ХХVI з'е-зду партыi - 26 ударных вахт». Неад'емнай рысай грамадска-палітычнага жыцця часоў Л. Брэжнева і яго паслядоўнікаў з'яўлялася святкаванне шматлікіх «чырвоных датаў» і юбілеяў

Ідэалагічныя ўстаноўкі ўкараняліся ў жыццё з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі - тэлебачання, радыё, прэсы - пастаянна, метадычна, разам і паасобку. Усе члены КПСС і кіраўнікі розных рангаў былі абавязаны выпісваць партыйныя ці ведамасныя газеты.

У савецкіх ідэалагічных матэрыялах праблема агульначалавечых каштоўнасцей нават не прыгадвалася, а мiжнародны рух супраць парушэння правоў чалавека ў СССР трактаваўся iдэалагiчнымi работнiкамi як iнспiраваны мiжнародным iмперыялiзмам. Уся iнфармацыя аб няшчасных выпадках у вытворчасці, авіякатастрофах, прыродных катаклізмах жорстка дазіравалася, або наогул замоўчвалася. Так, беларускія СМІ не паведамілі аб разгроме жыхарамі Слуцка будынку суда (1967), ахвярах выбуху цэху футараляў Мінскага радыёзавода (1972) і крушэння электрацягніка (1977) і многіх іншых.

Такое становішча, калі рэчаіснасць не адпавядала паведамленням савецкіх СМІ, давер да іх зніжаўся і людзі шукалі іншыя крыніцы інфармацыі, як правіла, на хвалях радыёстанцый Бі-Бі-Сі (Лондан), «Нямецкая хваля» (Мюнхен), «Голас Амерыкі» (Вашынгтон) і інш.

Антыкамуністычная дзейнасць заходніх спецслужб знаходзіла ўрадлівую глебу сярод часткі інтэлігенцыі, так званых «шасцідзесятнікаў», паборнікаў правоў чалавека і іншых грамадзян, якія дэманстравалі сваю антыпатыю савецкай палітычнай сістэме, называлі сябе «ўнутранай апазіцыяй» або дысідэнтамі, распаўсюджвалі друкаваныя творы (так званы самвыдат) забароненых аўтараў і інш.

Не меншую шкоду прэстыжу краіны наносіла інспірыраваная КПСС хваля антысемітызму. Для яўрэяў былі ўведзены абмежаванні па прыёме на працу, прасоўванні па службовай лесвіцы, уступленні ў партыю, выездзе за мяжу. На Беларусі дыскрымінацыя яўрэяў вылілася ў непрыхаваную юдафобію, якая знайшла «навуковае» абгрунтаванне ў працах філосафа Ў. Бягуна «Ползучая контрреволюция» і вялікую папулярнасць у тых, хто iмкнуўся перакласцi сваю слабую кампетэнтнасць у эканомiцы, культуры, палітыцы на сiянiсцкiя падкопы.

У 1964-1985 гг. сярод 15 саюзных рэспублік БССР уяўляла сабой развіты ў эканамічным плане рэгіён. Яе магутная партыйная арганізацыя забяспечвала поўнае і своечасовае выкананне ўсіх задач, пастаўленых ЦК КПСС перад беларускім народам. Таму спрыяла працяглае - з 1965 па 1980 гг. знаходжанне на пасадзе І сакратара ЦК КПБ П.М. Машэрава, які карыстаўся глыбокай павагай усяго беларускага народа. Пад час вырашэння тых ці іншых праблем ён сыходзіў з партыйных інтарэсаў і шмат у чым спрыяў працэсу «росквіту і збліжэнню нацый», аддаючы перавагу інтэрнацыянальным і класавым каштоўнасцям перад нацыянальнымі і агульнароднымі. Так, на Красавiцкiм (1974) Пленуме ЦК КПБ П. Машэраў упікнуў навукоўцаў у тым, што «ў некаторых публiкацыях, у тым лiку аб народных паэмах «Энеiда навыварат», «Тарас на Парнасе», у працах аб Еўфрасiннi Полацкай, Сматрыцкiм, Зiзанii, праявiлiся адгалоскi пазакласавага аб'ектывiзму, iдэалiзацыя асобных багасловаў як выдатных асветнiкаў».

Разам з тым пры П. Машэраве народу навязваўся вульгарны iнтэрнацыяналiзм, а па сутнасцi, нацыянальны нiгiлiзм. Гiсторыя народа падмянялася гiсторыяй партыi. Беларускай мовай стала пагарджаць інтэлігенцыя і нават сяляне. Аб творчых калектывах «Песняры», «Верасы», «Харошкі» ведалі ў СССР і ў далёкім замежжы, але гэта была толькі знешняя бачнасць паспяховасці беларускай культуры. На справе, у рэспубліцы колькасць беларускіх школ скарачалася, а ў гарадах яны зніклі наогул. Толькі 30% вучняў рускіх школ вывучалі беларускую мову, а ў Мінску нават - 10%. Пасля трагічнай гібелі П. Машэрава (1980), калі ЦК КПБ узначальвалі Ц.Я. Кiсялёў (да 1983) i М. Слюнькоў (да 1986) курс ЦК КПСС на «росквiт i зблiжэнне нацый» даваў найлепшы плён менавіта на Беларусі.

Абсалютызацыя ідэі інтэрнацыяналізму ў спалучэнні са сталінскімі метадамі іх ажыццяўлення выразна выявілі сябе ў міжнароднай палітыцы СССР. Не палепшылася становішча і з прыходам на пасаду

Генеральнага сакратара Ю. Андропава (з лiстапада 1982 па люты 1984). З улікам псіхафізічнага стану партыйнага кіраўніцтва наяўнасць у СССР велізарнай колькасці ядзернай зброі не выключала магчымасці іх выкарыстання. Пасля таго, як у 1984 г. савецкі знішчальнік збіў паўднёва-карэйскі пасажырскі самалёт, многія краіны свету сапраўды атрымалі падставу лічыць СССР «імперыяй зла».

Ва ўнутранай палітыцы Ю. Андропаў спрабаваў удасканаліць сістэму за кошт яе ачышчэння ад часткі карумпаванай наменклатуры і ўмацавання дысцыпліны ў грамадстве, але рабіў гэта сталінскімі метадамі, і не меў поспеху. Пасля яго смерцi i прыходам да ўлады К. Чарненкi (люты 1984-сакавік 1985) гэтая кампанiя сцiхла. Новы лiдэр заняў вышэйшую пасаду, будучы ў стане смяротнай хваробы, і як кіраўнік нічым істотным не вызначыўся. Частыя перабраннi кiраўнiцтва з асяроддзя старых марксiстаў-ленiнцаў, пераiменаваннi у iх гонар гарадоў i устаноў, у лепшым выпадку, не спрыялi павышэнню аўтарытэту партыi, а з другога боку, сведчылi аб пагаршэннi маральна-палiтычнага клiмату ў СССР.

Перыяд з 1964 па 1985 гг. па вартасці часта называюць часам «застою», страчаных магчымасцей, крызісу марксісцка-ленінскай ідэалогіі і сацыялістычнай сістэмы гаспадарання. Для БССР - гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы.

7. Спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд перабудовы

З сярэдзіны 1980-х гг. у грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У іх ліку быў таксама М.С. Гарбачоў, у сакавіку 1985 г. абраны Генеральным сакратаром партыі. Менавіта з ім звязана новая эпоха ў гісторыі СССР - перабудова, сутнасць якой мыслілася ў стваральнай працы па ўдасканаленнi сацыялiзму, а яе мэтай - у паскарэннi прагрэсу савецкага грамадства. Першым крокам у гэтым напрамку сталі заканадаўчыя акты ЦК КПСС і Саўміна СССР ад 7 і 16 мая 1985 г., скіраваныя супраць п'янства. Самі працоўныя выразнага энтузіязму да заклікаў аб удасканаленні сацыялізму не выказвалі, а антыалкагольную кампанію сустрэлі ў цэлым адмоўна. Менавіта таму на XXVII з'ездзе КПСС (25 лютага - 6 сакавiка 1986), які пацвердзіў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР, гаворка пайшла аб неабходнасці свядомага, асэнсаванага ўдзелу ўсіх савецкіх людзей у абвешчаным партыяй курсе. У гэтай сувязі дэпутаты выказаліся за дэмакратызацыю грамадскага жыцця і яе атрыбут - галоснасць.

Моцнай перашкодай на шляху абвешчанага партыяй курса зрабілася Чарнобыльская катастрофа 26 красавіка 1986 г., якая, акрамя іншага, чарговы раз выявіла існуючай сістэмы гаспадарання і кіравання.

Адным са спосабаў зняцця маральна-псіхалагічнай напружанасці ў грамадстве стала прадастаўленне старонак газет і часопісаў для выступлення простых грамадзян з крытычнымі заўвагамі, скаргамі, прапановамі і г.д. М. Гарбачоў свядома ішоў на развіццё галоснасці, будучы ўпэўненымі ў ачышчальнай сіле праўды і адкрытай, зразумелай людзям палітыкі. З яго дазволу ў снежні 1986 г. у Маскву са ссылкі вярнуўся ідэйны лідэр дысідэнтаў акадэмік А. Сахараў, што значна павысіла давер інтэлігенцыі да палітыкі перабудовы.

Студзеньскi (1987) Пленум ЦК КПСС прыняў новую рэфарматарскую стратэгію аб'яднання сацыялізму з дэмакратыяй і рынкам - так званую «мадэль сацыялізма з чалавечым тварам». Лістападаўскі (1987) Пленум ЦК пайшоў яшчэ далей: з нагоды 70-годдзя Вялiкага Кастрычнiка на ім была прадпрынята спроба асэнсавання ўсяго шляху пабудовы сацыялізму. У выніку партыйная эліта прыйшла да высновы, што рэвалюцыйныя лозунгі 1917 г. у многім засталіся нерэалізаванымі. Адсюль вынікаў чарговы лозунг: «Рэвалюцыя працягваецца». У гэтай сувязі абвяшчалася рэформа палітычнай сістэмы, скіраваная на дасягненне паўнаўладдзя Саветаў, фарміравання механізмаў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

У 1987 г. працэс развіцця галоснасці выклікаў небывалы ўздым грамадскай цікавасці да айчыннай гісторыі савецкага часу. Дзякуючы публікацыям навукоўцаў і жывых сведак, сталі асвятляцца «закрытыя» раней тэмы і факты. У бібліятэках сталі даступнымі «закрытыя» фонды, а ў архівах - «спецсховішчы».

1 лістапада 1987 г., у скверы Я. Купалы ў Мінску пад час святкавання «Дзядоў» упершыню публічна прагучала асуджэнне сталінскага тэрору. Кіраўніцтва краіны распарадзілася аб аднаўленні працы па рэабілітацыі ахвяр сталінскага рэжыму. Створаная камісія Палітбюро па дадатковым вывучэнні рэпрэсій 1930-1940-х гг. пастанавіла рэабілітаваць Л. Каменева, Р. Зіноўева, А. Рыкава, М. Бухарына, Л. Троцкага. У ліку іншых быў рэабілітаваны і Дз. Жылуновіч.

ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС, якая адбывалася ў Маскве ў чэрвеня - ліпені 1988 г., стала важнейшай палітычнай падзеяй года. Прынятыя канферэнтамі рэзалюцыі былі скіраваны на ўтварэнне ў СССР «сацыялістычнай прававой дзяржавы» і грамадзянскай супольнасці на аснове ліберальных каштоўнасцей (прынцып падзелу ўлад, альтэрнатыўныя выбары, скасаванне цэнзуры, права чалавека і інш.).

Стымулюючым фактарам развіцця перабудовы мусіла адбыцца перадача ўлады ад КПСС да Саветаў народных дэпутатаў. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады мусіў стаць з'езд народных дэпутатаў СССР. Для таго ў снежні 1988 г. былі ўнесены змены ў выбарчую сістэму, якая б гарантавала дэмакратычнае абранне вышэйшага саюзнага органа заканадаўчай улады ў складзе 2 250 чал.

Агульныя выбары адбываліся 26 сакавіка 1989 г. У ліку дэпутатаў ад БССР былі абраны А. Адамовіч, У. Бядуля, Г. Бураўкін, В. Быкаў, У. Ганчарык, М. Дземянцей, А. Дабравольскі, А. Дубко, А. Жураўлёў, В. Кебіч, І. Лучанок, Я. Сакалоў і іншыя.

Скліканы 25 мая І з'езд народных дэпутатаў СССР стаў пастаянна дзеючым парламентам. Старшынём з'езда і Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў абраны М. Гарбачоў. З ліку дэпутатаў, якія найбольш актыўна выступалі супраць памяркоўна-рэфармацыйнага курса з'езда, утварылася Міжрэгіянальная дэпутацкая група (МДГ) на чале з Б. Ельцыным, Ю. Афанасьевым, Г. Паповым, А. Сахаравым і інш. У верасні 1989 г. члены МДГ распрацавалі комплекс неабходных патрабаванняў - скасавання шостага артыкула Канстытуцыі СССР аб «кіруючай ролі КПСС» і прыняцця шэрагу новых законаў.

Міжрэгіянальная дэпутацкая група аказала моцны ўплыў на фарміраванне праграмы дэмакратычнага руху ў Расіі, у тым ліку на працэс пазбаўлення ад ідэалогіі «гуманнага сацыялізма» або «сацыялізма з чалавечым тварам». Так, 11 сакавіка 1990 г. Пленум ЦК КПСС вырашыў адмовіцца ад канстытуцыйных гарантый партыйнай манаполіі на ўладу і выказаўся за ўвядзенне ў краіне інстытута прэзідэнцтва. Трэці, нечарговы з'езд народных дэпутатаў (12-15 сакавіка 1990) выбраў М. Гарбачова Прэзідэнтам СССР і ануляваў шосты артыкул Канстытуцыі. У выніку шматпартыйная сістэма рабілася рэальнасцю.

Такой самай рэальнасцю зрабілася імкненне народаў СССР да перагляду свайго нацыянальна-прававога статусу. Пачаткам абнаўленчага працэсу мусіла стаць прыняцце 12 чэрвеня 1990 г. І з'ездам народных дэпутатаў РСФСР пад старшынствам старшыні Вярхоўнага Савета Б. Ельцына Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Услед за Ўкраінскай ССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР прыняў Вярхоўны Савет рэспублікі пад старшынствам М. Дземянцея.

Паступовае ўстараненне КПСС ад кадравых функцый разбурала механізм дзяржаўнага кіравання СССР. Замена існаваўшага парадку прызначэння на пасады сістэмай альтэрнатыўных выбараў кіраўнікоў ва ўстановах і арганізацыях аслабіла патэнцыял КПСС і веру людзей у сацыялізм. Так, 26 кастрычніка 1990 г. мінскі палітклуб «Камуніст» звярнуўся «да членаў Кампартыі Беларусі, да ўсіх грамадзян рэспублікі, якія захавалі вернасць ідэалам Вялікага Кастрычніка» з заклікам «Ні кроку назад, таварышы». Любымі сродкамі захаваць таталітарны рэжым - распаўсюджаннем цемрашальства, юдафобіі і іншай навалачы - такой была мэта органа ЦК КПБ «Политический собеседник».

Такім чынам, за час знаходжання М. Гарбачова на пасадзе Генеральнага сакратара КПСС савецкая палітычная сістэма набыла істотныя змены, пры чым, не зусім такія, на якія разлічвалі сам ініцыятар перабудовы і яго бліжэйшае атачэнне.

Па-першае, хоць са сталінізмам было пакончана, але пабудовы «сацыялізму з чалавечым тварам» не адбылося.

Па-другое, КПСС страціла канстытуцыйную гарантыю кіруючай сілы грамадства і ператварылася ў адну з многіх партый у шматпартыйнай сістэме. Марксізм-ленінізм як пануючая ідэалогія быў адкінуты. Яму на змену прыйшоў ідэйны плюралізм.

Па-трэцяе, рэспубліканскія партыйныя арганізацыі, у тым ліку КПБ, сталі заяўляць аб сваёй самастойнасці. Пры гэтым многія з іх, у тым ліку КПБ, не падзялялі курса М. Гарбачова і абвінавачвалі яго самога ў здрадзе справе камунізму.

Па-чацвертае, у зноў створаных на дэмакратычнай аснове Саветах усіх узроўняў - ад Вярхоўнага да сельскага - роля камуністаў па-ранейшаму заставалася вызначальнай. У выніку, змены да лепшага амаль не адбываліся.

Па-пятае, распачатая дэмакратызацыя і спробы ўдасканаліць саюзны дагавор узмацнілі ў нацыянальных рэгіёнах цэнтрабежныя тэндэнцыі, што ў многім падрыхтавалі распад СССР. Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР асаблівага энтузіязму ў кіруючых колах не выклікала.

У выніку разам з яшчэ не знішчанай таталітарнай палітычнай сістэмай у СССР узніклі і набылі тэндэнцыю да ўзмацнення элементы дэмакратычнай сістэмы з уласцівымі ёй правамі і свабодамі людзей, шматпартыйнасцю, абіраемымі органамі ўлады, вяршэнствам закону, незалежнымі СМІ і г. д. У гэтых адносінах палітычнаму рэжыму БССР былі характэрны крайні кансерватызм і канфрантацыйнасць. Невыпадкова, что КПБ, якая ўвасабляла гэты рэжым, набыла назву «анты-перабудовачнай Вандэі» - сілы, скіраванай супраць рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А.П. Ігнаценка. - Мн., 1994.

2. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык - Мн., 2009 г.

3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В.В. Гетад, M.I. Калінскі. 3 - е выд. - Мн., 1992.

4. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. - Минск, 2005. - 235 с.

Страницы: 1, 2



Реклама
В соцсетях
рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать