Характар і асаблівасці адносін паміж СССР і Польшчай у перыяд з 1921 па 1934 гг.

Характар і асаблівасці адносін паміж СССР і Польшчай у перыяд з 1921 па 1934 гг.

Характар і асаблівасці адносін паміж СССР і Польшчай у перыяд з 1921 па 1934 гг.

УВОДЗІНЫ

У цяперашні час вывучэнне гісторыі міжнародных адносін і знешняй палітыкі СССР з'яўляецца адной з найбольш актуальных задач гістарычнай навукі. На працягу многіх гадоў гісторыя знешняй палітыкі СССР асвятлялася савецкімі гісторыкамі аднабакова. Ідэалогія, якая дамінавала ў Савецкім Саюзе, арыентавала даследнікаў праблемы знешніх адносін СССР на ўсхваленне савецкай палітыкі і дыпламатыі. Гэтая акалічнасць прывяла да ўзнікнення шматлікіх белых плям у гісторыі савецкай знешняй палітыкі. Адным з іх з'яўляецца комплекс праблем, звязаных з польска-савецкімі адносінамі ў міжваенны перыяд і ўплывам на іх германскага фактару.

Актуальнасць вывучэння міжнародных адносін 20-30х гг. ХХ стагоддзя яшчэ больш узрастае ў сувязі з тымі палітычнымі зменамі, якія адбыліся на еўрапейскай арэне ў апошні час. Падзенне камуністычнага рэжыму ў Польшчы прывяло да ўзнікнення ў польскай знешняй палітыцы сітуацыі, шмат у чым падобнай на тую, што існавала пасля заканчэння першай сусветнай вайны. Звязана гэта ў першую чаргу з узнаўленнем для Польшчы шматлікіх знешнепалітычных рэалій міжваеннага перыяду, што дае магчымасць для Польшчы правядзення знешняй палітыкі, падобнай на тую, якая праводзілася ў 20-30х гг. ХХ стагоддзя.

Падобныя моманты можна прасачыць і ў знешняй палітыцы Расіі, як разгледжанага перыяду, так і на сучасным этапе. Пасля распаду СССР, Расія згубіла ўсходнееўрапейскіх саюзнікаў, расійскія кіруючыя колы як і ў 20е-30е гг. прыкладаюць велізарныя сілы, каб зацвердзіць за Расіяй статус вялікай дзяржавы.

Храналагічныя рамкі даследавання ахапляюць перыяд ад падпісання Рыжскай мірнай дамовы да вынікаў візіту ў Маскву міністра замежных спраў Польшчы Бека.

Мэта дадзенай курсавой работы: даследванне складаных і шмат у чым супярэчлівых па характару ўзаемаадносін паміж СССР і Польшчай, а таксама ступені ўплыву на гэтыя адносіны Нямеччыны. У адпаведнасці з пастаўленай мэтай былі вылучаны наступныя задачы:

- вызначыць характар і асаблівасці адносін паміж СССР і Польшчай ў перыяд з 1921 па 1934 гг.

- вывучыць уплыў Рыжскага міру на знешнепалітычныя адносіны СССР і Польшчы паміж сабой.

- вывучыць намаганні Польшчы з мэтаю стварыць блок дзяржаў вакол сябе.

- выявіць ступень ўплыву Германскай знешняй палітыкі на савецка-польскія адносіны.

- выявіць фактары, якія паўплывалі на падпісанне дамовы аб ненападзе 1932 г.

Метадалагічную аснову даследвання склалі прынцыпы дыялектыкі і метады гістарычнага пазнання: аб'ектыўнасць, гістарызм, сістэмнасць. Пры раскрыцці тэмы выкарыстоўваліся такія спецыяльна-гістарычныя метады, як праблемна-храналагічныя, параўнальна-гістарычныя.

1. КРЫНІЦЫ І ГІСТАРЫЯГРАФІЯ

Вывучэнне гісторыі польска-савецкіх адносін у савецкай гістарычнай навуцы пачынаецца ўжо ў 20-я гады. Працы гэтага часу ў асноўнай сваёй масе мелі прапагандысцкі характар. Польшча адлюстроўвалася як ваенізаваная дзяржава, выносіўшая агрэсіўныя планы ў адносінах да СССР і якая імкнулася да стварэння сістэмы антысавецкіх ваенных блокаў.

Пасля заканчэння Першай Сусветнай вайны вывучэнне гісторыі польска-савецкіх адносін працягнула сваё развіццё. Самымі значнымі працамі прысвечанымі праблеме адносін двух дзяржаў з'явіліся працы П.Н. Альшанскага, якія поўныя абвінавачванняў у бок Польшчы і цалкам ігнаруюць шматлікія факты невыканання савецкім бокам сваіх дамоўленых абавязкаў.

Пасля першай сусветнай вайны і аж да другой паловы 80-х гадоў у савецкай гістарыяграфіі ярка выяўлена ўсхваленне знешняй палітыкі СССР і ўся віна за напружанасць у польска-савецкіх адносінах 20-х гадоў ускладаецца на кіруючыя кругі Польшчы. У той жа час у гэтых працах утрымліваецца досыць шырокі фактычны матэрыял, які неабходна даследаваць для характарыстыкі савецкай палітыкі ў адносінах да Польшчы.

З другой паловы 80-х гадоў у савецкай гістарычнай навуцы адбываюцца істотныя змены. Яны адгукнуліся і на гістарыяграфіі польска-савецкіх адносін. Даследчыкі адмовіліся ад шматлікіх ідэалагічных штампаў.

У Польшчы праблема польска-савецкіх адносін з'яўляецца адной з цэнтральных у гістарычнай навуцы. У міжваенныя гады ў польскай гістарыяграфіі панаваў тэзіс аб антыпольскай накіраванасці савецкай знешняй палітыкі.

Усталяванне пасля другой сусветнай вайны ў Польшчы камуністычнага рэжыму аказала велізарны ўплыў на вывучэнне гісторыі польска-савецкіх адносін польскімі гісторыкамі. Крытычная адзнака савецкай знешняй палітыкі стала практычна немагчымай.

З сярэдзіны 80-х гадоў у польскай гістарычнай навуцы адбываюцца змены, якія аказалі істотны ўплыў на вывучэнне польска-савецкіх адносін. Цяпер даследнікі абгрунтавана выказвалі меркаванне аб наяўнасці не толькі ў Нямеччыне, але і ў СССР уплывовых палітычных сіл, якія не змірыліся з мяжой, усталяванай Рыжскай дамовай.

Вельмі шырокая савецкая, а ў наступным суверэнная беларуская і руская гісторыяграфія, прысвечаная польска-савецкім адносінам у перыяд з 1921-1934 гг.:

Найбольш маштабнай працай па гісторыі польска-савецкіх адносін з'яўляецца кніга " Очерки истории советско-польских отношений 1917-1977" [35], якая была выдадзена пад рэдакцыяй Маісеенка Г.У. у 1979 годзе. У кнізе асвячаецца гісторыя польска-савецкіх адносін на працягу 60 гадоў дваццатага стагоддзя.

У кнізе беларускага гісторыка Снапкоўскага У.Е. "Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі" [37] дастаткова падрабязна асвятляюцца ўмовы Рыжскага міру і яго вынікі. Таксама Рыжскаму міру прысвечаная манаграфія Альшанскага П.Н. “Рижский договор и развитие советско-польских отношений 1921 - 1924 гг” [34].

Манаграфія расійскага гісторыка Мельцюхова М.І. " Советско-польские войны. Военно-политическое противостояние 1918-1939 гг" [31] асвячае заключэнне і выкананне Рыжскай дамовы 1921г. Падрабязна паказана савецка-польскае саперніцтва ў перыяд 1930-х гадоў. Аўтар лічыць, што ў савецка-польскіх адносінах і Польшча, і СССР адстойвалі сваю ўласную праўду, якой надуманай яна б не здавалася нам цяпер.

Роля Нямеччыны ў адносінах паміж СССР і Польшчай адлюстравана ў кнізе Гарлова С.А "Совершенно секретно: Альянс Москва - Берлин, 1920-1933" [26].

Вывучэнню польска-савецкіх адносін у перыяд з 1922г. па 1926 гг. прысвечаны дысертацыя "Политика Рапалло и польско-советские отношения в 1922-1926 годах" [30] і артыкул "Савецка-польскія перамовы аб заключэнні дагавора аб ненападзе ў 1924-1926 гг " [33] які былў апублікаваны ў Весніку Белдзяржуніверсітэта, беларускага гісторыка Мязгі М.М. У сваіх працах ён разглядае польска-савецкія адносіны перыяду Рапала і ўплыў на гэтыя адносіны Нямеччыны.

Міждзяржаўныя адносіны Савецкага Саюза і Веймарскай рэспублікі ў рапальскі перыяд, разглядае ў сваёй працы “Рапалльская политика. Советско-германские дипломатические отношения в 1922-1932 годах” [24], Ахтамзян А.А. Аўтар асвятляе рапальскую палітыку на аснове навейшых савецкіх і замежных публікацый, а таксама вывучаных у Палітычным архіве (ФРГ, Бон) германскіх дыпламатычных дакументаў.

Лазько Р.Р. у сваёй працы "Перад патопам (Еўрапейская палітыка Польшчы. 1932-1939 гг.)" [29] разглядае еўрапейскую палітыку Польшчы ў 1930-я гады, яна разглядаецца як сфера выяўлення нацыянальных інтарэсаў гэтай дзяржавы. Галоўная увага надаецца разгляду адносін з дзвюма яе вялікімі суседзямі - Германіяй i СССР, якія сваёй палітыкай стварылі для Польшчы сітуацыю геапалітычных "ціскоў".

У манаграфіі Міхуцінай І.У. " Советско-польские отношения 1931-1935 гг." [32], даследуецца гісторыя ўзаемаадносін паміж СССР і Польшчай, вялікая ўвага надаецца ступені ўплыву Нямеччыны на знешнюю палітыку Польшчы і СССР. Праца заснавана на матэрыялах архіваў СССР і Польшчы, шырокай гістарычнай літаратуры.

Адносіны паміж СССР і Польшчай атрымалі асвятленне ў такіх абагульняючых працах па гісторыі Польшчы як " История польского народа " [27] вядомага польскага навукоўца, гісторыка, Ул. Грабеньскага так і ў сумеснай манаграфіі польскіх гісторыкаў Тымоўскага М., Кеневіча Я., Хольцэра Е. " История Польши " [38]. У кнізе адлюстравана гісторыя Польшчы, пачынаючы з X ст. і да нашых дзён.

Найбольш вядомымі працамі, прысвечанымі савецкай знешняй палітыцы ў перыяд 1928-1934г. з'яўляюцца манаграфіі Іофе А.Е." Знашняя палітыка Савецкага Звяза 1928 - 1932 гг." і Сіпалса У.Я. " Внешняя политика Советского Союза 1928 - 1932 гг" [28] У гэтых працах таксама закрануты пытанні знешняй палітыкі СССР у адносінах да Польшчы.

2. АД РЫЖСКАЙ ДАМОВЫ ДА «ПАЎНОЧНАГА ЛАКАРНА»

12 кастрычніка 1920 г. у Рызе былі складзены папярэднія ўмовы мірнай дамовы. 18 кастрычніка вайсковыя дзеянні памiж РСФСР і Польшчай былі спынены. А з 17 лістапада 1920 г. пачынаюцца інтэнсіўныя перамовы ў Рызе, Савецкі бок неаднаразова патрабаваў раззбраення так званых белагвардзейскіх атрадаў і адводу іх у тыл войска Жэлiгоўскага. Польскае ваеннае камандаванне патрабавала ад палітычнага кіраўніцтва не адводзіць войскі з фронту і аказвала падтрымку антысавецкім фарміраванням. Ужо 14 лістапада савецкі бок заявіў Польшчы, што ён будзе няўхільна выконваць усе ўмовы пагаднення, чаго патрабуе і ад Варшавы. У гэтых умовах польскае кіраўніцтва пачало раззбройваць белагвардзейскія фарміраванні, не перашкаджаючы, часткі пятлюраўскiх атрадаў сысці ў Румынію, адкуль яны здзяйснялі налёты на тэрыторыю Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (далей УССР) [37, с. 111].

Падчас перамоў у Рызе польскі бок, адводзіў усе папрокі савецкай дэлегацыі аб невыкананні дамоў. Асноўным пытаннем перамоў, гэтым разам, стала эканамічна-фінансавая дамова. Польская дэлегацыя імкнулася атрымаць ад савецкага боку як мага больш, а савецкая дэлегацыя, натуральна, не спяшалася ісці на саступкі Варшаве. У гэты час Польшча спрабавала дамагчыся дапамогі ад Францыі, але Парыж быў заняты ўласнымі справамі [34, с. 154].

За ўдзел Польшчы ў эканамічным жыцці Расійскай імперыі польская дэлегацыя запатрабавала 300 млн. золатам, а савецкі бок быў згодзен выплаціць 30 млн. Польшча патрабавала таксама перадачы ёй 2 тыс. паравозаў і вялікага ліку вагонаў, акрамя сагнаных у перыяд вайны 255 паравозаў, 435 пасажырскіх і 8 859 таварных вагонаў. Таксама польская дэлегацыя прапанавала і новыя тэрытарыяльныя патрабаванні на Украіне: Праскураў, Камянец-Падольскі, Нова-Кастусёў і Новаўшыцк [37, с. 112].

Зразумела, што падобныя патрабаванні толькі ўскладнялі перамовы і стваралі магчымасць іх зрыву. Калі ўлічыць, што ў гэты час у прэсе даволі шмат пісалася аб арганізацыі Антантай новага паходу на Савецкую Расію, Польшча з дапамогай Ангельшчыны і Францыі пераўзбройвала сваё войска і 21 лютага 1921 г. склала ваенны звяз з Францыяй, накіраваны супраць Нямеччыны і РСФСР, зразумела, што Маскве прыходзілася ісці на вызначаныя саступкі [37, с. 113].

Нягледзячы на тое, што Францыя ў цэлым падтрымлівала польскую палітыку зацягвання перамоў, яна не прызнала ўсходнюю мяжу Польшчы. Імкненне Парыжу стварыць адзіны антысавецкі кардон паміж Балтыйскім і Чорным морамі натыкнулася на нежаданне Прыбалтыйскіх краін збліжацца з Польшчай з-за невыразнасці поглядаў, яе адносін з РСФСР. Гэтак жа асцярожна паставіліся да прапановы аб вайсковым звязе з Польшчай і ў Бухарэсце [34, с. 158].

Аднак ужо 24 лютага бакi падпісалі пратакол аб падаўжэнні перамір'я да абмену ратыфікацыйнымі граматамі мірнай дамовы, дамовы аб рэпатрыяцыі і змяшанай памежнай камісіі. Польская дэлегацыя пагадзілася на прапанаваныя Масквой 30 млн. рублёў золатам, але запатрабавала 12 тыс. кв. км. [34, с. 162].

У выніку атрымалася дасягнуць кампрамісу, і Варшаве было перададзена каля 3 тыс. кв. км у Палессі і на беразе р. Заходняя Дзвіна. Бакі пагадзіліся на перадачу Польшчы 300 паравозаў, 435 пасажырскіх і 8 100 таварных вагонаў [37, с. 114].

Акрамя таго, паступова змянялася і замежнапалітычнае становішча РСФСР. 26 лютага 1921 г. Савецкая Расія падпісала дамову аб сяброўстве з Персіяй, 28 лютага - з Аўганістанам. 16 траўня былі падпісаны гандлёвая дамова з Ангельшчынай і дамова аб сяброўстве з Турцыяй. Разам з тым у Маскве хапала цяжкасцяў, звязаных з унутраным становішчам краіны, якая выходзіла са стану Грамадзянскай вайны. З іншага боку, польскі Сойм у лютым запатрабаваў ад урада скласці мірную дамову з усходнім суседам [31, с. 219].

Вынікам савецка-польскіх перамоў стала Рыжская мірная дамова, падпісаная ў 20 гадзін 30 хвілін 18 сакавіка 1921 г. Бакі абавязваліся паважаць дзяржаўны суверэнітэт адзін аднаго, не ствараць і не падтрымліваць арганізацый, якія змагаюцца з іншым бокам. Была прадугледжана працэдура адаптацыi грамадзян. Савецкі бок абавязваўся выплаціць Польшчы 30 млн. рублёў золатам у манетах або злітках і перадаць чыгуначны склад і іншую маёмасць на 18 245 тыс. рублёў золатам. Польшча вызвалялася ад абавязкаў Расійскай імперыі. Таксама, прадугледжваліся перамовы аб эканамічнай дамове. Паміж бакамі былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны. Дамова была ратыфікавана УЦВК РСФСР 14 красавіка, польскім Соймам - 15 красавіка, а ЦВК УССР - 17 красавіка 1921 г. 30 красавіка пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі ў Менску дамова ўступіла ў сілу. Савецка-польская вайна скончылася [31, с. 207].

Да 21 лістапада 1921 г. з Польшчы вярнуліся 75 699 былых ваеннапалонных (932 чалавека адмовіліся вяртацца), а з Нямеччыны - 40 986 інтэрнаваных. Польскіх палонных у Савецкай Расіі было каля 60 тыс. (мабыць, гэты лік уключае таксама грамадзянскіх палонных, закладнікаў і інтэрнаваных асоб). У Польшчу вярнулася 27 598 былых ваеннапалонных, а каля 2 тыс. засталося ў РСФСР [37, с. 114].

Асноўнымі пытаннямі ў савецка-польскіх адносінах пасля падпісання Рыжскай дамовы былi яе рэалізацыя і замацаванне на міжнароднай арэне. Пры гэтым становішча Польшчы і Савецкіх рэспублік было розным. Польшча з'яўлялася агульнапрызнанай дзяржавай, якая знаходзiлася ў саюзе з Францыяй, хоць і мела розныя памежныя праблемы. А Савецкія рэспублікі былі прызнаны ўсяго толькі дэ-факта, таму для іх была важна любая дыпламатычная дамова, якая рабіла іх паўнапраўнымі ўдзельнікамі міжнародных адносін. Зразумела, што адносіны з Польшчай - найбуйнейшым заходнім суседам - былі асабліва важныя для Савецкай Расіі. Польскае кіраўніцтва выдатна разумела выгады свайго становішча і імкнулася выкарыстаць іх для некаторай рэвізіі Рыжскай дамовы. Такім чынам, Варшава імкнулася не спяшацца з рэалізацыяй усталяванай дамовы, паколькі ёй, акрамя ўсяго іншага, прыходзілася ўлічваць меркаванні краін Антанты ў стаўленні кантактаў з Масквой [31, c. 210].

Усё гэта прывяло да таго, што нават рашэнне самага простага пытання аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Польшчай і Савецкімі рэспублікамі (артыкул 24 дамовы) запатрабавала значнага часу. Такім чынам, Варшава прапанавала абмежавацца ўзаемным прызначэннем павераных у справах. Маскву не задавальняла падобнае рашэнне пытання. 19 і 25 траўня РСФСР звярталася да Польшчы з прапановай рэалізаваць артыкул 24 Рыжскай дамовы і дазволіць Л.М. Карахану ў пачатку чэрвеня прыбыць у Варшаву ў якасці паўнамоцнага прадстаўніка. 4 чэрвеня Польшча адказала, што прыме савецкага паўпрада тады, калі польскі дыпламат прыбудзе ў Маскву [34, c. 162].

У выніку Т. Фiлiповiч быў прызначаны польскім амбасадарам у Маскве, да месца службы ён прыбыў 4 жніўня, а напярэдадні ў Варшаву прыбыў Карахан. З УССР дыпламатычныя адносіны былі ўсталяваны толькі 6 кастрычніка, калі польскія дыпламаты прыбылі ў Харкаў, а ўкраінскія - у Варшаву [31, с. 211].

Важным пытаннем двухбаковых адносін была праблема рэпатрыяцыі ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб. Для яе рашэння былі створаныя дзве змяшаныя савецка-польскія камісіі, і ўжо ў сакавіку 1921 г. пачалася рэпатрыяцыя ваеннапалонных [2].

Нямала праблем бакам даставіла дэмаркацыя мяжы. 2 траўня 1921 г. у Менску пачала працу змяшаная памежная камісія, але да канца ліпеня польскі бок фактычна сабатаваў яе працу.

Калі ж бакі перайшлі да пэўнай дэмаркацыі, то Польшча запатрабавала адсунуць мяжу на ўсход у некаторых месцах на 1-2, а то і на 30 км. У выніку толькі ў лістападзе 1922 г. мяжа была праведзеная на мясцовасці [Малюнак 1] і перададзеная адміністрацыйным і памежным уладам бакоў, а цалкам праца памежнай камісіі завяршылася толькі ў жніўні 1924 г [35, с. 98].

Але самым складаным для абедзвюх дзяржаў было пытанне аб выкананні 5 артыкула Рыжскай дамовы, які прадугледжваў адмову бакоў ад падтрымкі варожых адзін аднаму арганізацый на сваёй тэрыторыі. Увосень 1920 г. у Польшчы было інтэрнавана каля 35 тыс. вайскоўцаў з атрадаў З. Булак-Балаховiча, Б. Перамыкiна, Б. Савiнкава, З. Пятлюры. Аднак у лагерах для інтэрнаваных захоўваліся вайсковыя структуры і вяліся вайсковыя заняткі. Акрамя таго, палітычныя арганізацыі Украінскай Народнай Рэспублікі і белагвардзейцаў легальна дзейнічалі ў Польшчы. Вялікую ўвагу савецкі бок надаваў спыненню дзейнасці пятлюраўскага ўрада, цэнтрам дзеяння якога быў Тарнаў [31, с. 211].

РСФСР і УССР 11 і 16 красавіка 1921 г. пратэставалі супраць знаходжання ў Польшчы ўсіх антысавецкіх арганізацый. 4 ліпеня Масква запатрабавала ад Варшавы выслаць з Польшчы найбольш вядомых дзеячаў белай эміграцыі i прыпыніла працу змяшанай адмысловай камісіі да часу, пакуль з Польшчы не вышлюць галоўных рускіх белагвардзейцаў і іх дзейнасць не будзе спынена [31, с. 213].

У сваіх адносінах з Савецкімі рэспублікамі Польшча абапіралася на падтрымку Францыі і, у меншай ступені, Англii, якія не прызнавалі іх дэ-юрэ, разлічваючы на хуткае звяржэнне Савецкай улады. Адпаведна, краіны Антанты падтрымлівалі і фінансавалі розныя антыбальшавіцкія арганізацыі і фармаванні, якія знаходзіліся ў краінах Усходняй Еўропы. Са свайго боку Польшча была зацікаўленая ў доўгім аслабленні ўсходніх суседзяў і таму таксама аказвала значную падтрымку белагвардзейскім арганізацыям [27, с. 431].

Але пры гэтым звяржэнне ўлады бальшавікоў не занадта цікавіла польскае кіраўніцтва, бо ў выпадку прыходу да ўлады "белых" хутчэй за ўсё яны б заявiлi аб узнаўленні "адзінай і непадзельнай Расеі". Тым самым пад пытанне ставілася бы польская ўсходняя мяжа, а Антанта атрымала бы мацнейшага саюзніка ва Усходняй Еўропе, чым Польшча [31, с. 220].

Пакуль жа існавалі савецкія рэспублікі, ніякай альтэрнатывы саюзу з Польшчай у Антанты не было. Таму, хоць далёка не ўсякія знешнепалітычныя дзеянні Варшавы ўхваляліся Захадам, яму прыходзілася мірыцца з імі. Так, Польшча атрымала Усходнюю Галіцыю і Віленшчыну. Праўда, Ангельшчына і Францыя асудзілі польскі захоп Вільнi, але разам з тым адклалі юрыдычнае прызнанне Літвы да ўрэгулявання польска-літоўскага канфлікту [35, с. 112].

Зразумела, што адчуваючы iстотную падтрымку, Польшча магла здзяйсняць значную знешнепалітычную актыўнасць ва Усходняй Еўропе, імкнучыся здабыць статут вялікай дзяржавы. У гэтых умовах польскае кіраўніцтва не спяшалася рэалізоўваць палажэнні Рыжскай дамовы, тым больш што ўлетку 1921 г. у Савецкай Расіі пачаўся голад і паўстала надзея, што ўлада бальшавікоў упадзе [31, с. 222].

14 верасня Польшча накіравала РСФСР ноту з указаннем на невыкананне Рыжскай дамовы. Ад Масквы патрабавалася да 1 кастрычніка вызваліць і даставіць да мяжы ўсіх польскіх здраднiкаў і палонных; перадаць Польшчы золата і каштоўнасці, якія належалі ёй па дамове; неадкладна пачаць працу рээвакуацыйнай змяшанай камісіi. У адваротным выпадку Варшава пагражала разрывам дыпламатычных адносін. 17 верасня Масква заявіла аб згодзе да 1 кастрычніка зрабіць першы ўзнос золата і прыступіць да працы рээвакуацыйнай камісіі, калі Польшча да гэтага ж часу выдаліць са сваёй тэрыторыі найболей вядомых лідэраў белагвардзейцаў і пакарае вінаватых у іх падтрымцы. На наступны дзень савецкаму боку была перададзена польская нота, якая пацвердзіла вышэйпаказаныя патрабаванні і паведамляла аб гатоўнасці Польшчы паведаміць аб мерах, прынятых супраць пераходу мяжы непажаданымі элементамі. Працаўнікі савецкага паўпрадства апынуліся пад дэманстратыўным наглядам польскай паліцыі, а становішча на савецка-польскай мяжы абвастрылася [31, с. 230].

Страницы: 1, 2, 3, 4



Реклама
В соцсетях
рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать