Беларусь у ХVІ-ХVІІІ cтагодзях

Беларусь у ХVІ-ХVІІІ cтагодзях

Беларусь у ХVІ-ХVІІІ cт.

Змест

  • 1. Рэфармацыя і контррэфармацыя
  • 2. Брэсцкая ўнія. Канфесійныя адносіны на Беларусі ў XVI-XVIIІ стст.
  • 3. Культура Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай
  • 4. Беларусь у войнах (ХVІІ-ХVІІІ стст.)
  • 5. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яе падзелы
  • Спіс выкарыстаных крыніц
  • 1. Рэфармацыя і контррэфармацыя
  • У ХVІ ст. каталіцкая супольнасць Заходняй Еўропы была ўцягнута ў працяглую міжусобную барацьбу. Асноўная прычына, якая вы-клікала яе, заключалася ў незадавальненні большасці вернікаў вярхушкай каталіцкай царквы на чале з папам рымскім, якая сканцэнтра-валі ў сваіх руках неабмежаваную ўладу і велізарныя багацці. Свецкія феадалы і буржуазія адчувалі ўціск з боку каталіцкіх іерархаў, а таксама марылі аб адабранні ў царквы матэрыяльных каштоўнасцей. Вернікі ставілі пад сумненне права царквы адпускаць грахі і выказвалі па-трэбу ў выданні Бібліі на роднай мове.
  • Пачатак Рэфармацыі як сацыяльна-палітычнага руху пад лозун-гам рэлігійнага абнаўлення звязваецца з абвяшчэннем 31 кастрычнiка 1517 г. прафесарам тэалогii Вiтэнбергскага ўніверсітэта М. Лютэрам так званых 95 тэзiсаў, у якіх ён заяўляў аб неабходнасці апраўдання грахоў не грашыма, а верай, адкідваў вучэнне аб малiтве за памерлых, вратаваннi заслугамi святых і інш.
  • Новае пратэстанцкае веравучэнне сцвярджала што для выратаван-ня душы вернiка не патрабуецца пасрэднiцтва царквы і таму адмаўля-ла неабходнасць яе iснавання з усёй iерархiяй на чале з папам рым-скiм. Адзiнай крынiцай веры было абвешчана Свяшчэннае пiсанне. Перапынялася шанаванне святых, крыжа, ікон, мошчаў; адмаўлялася права царквы здымаць грахі. Пратэстантызм падзяляўся на некалькі плыняў - лютэранства, англіканства, кальвінізм і інш.
  • У 1553 г. у ліку першых да кальвінізму далучыўся вялiкi канцлер i вiленскi ваявода Мiкалай Радзiвiл Чорны (1515-1565), які заснаваў у Берасцi першы на Беларусi кальвiнскi збор i друкарню. Ён жа стаў га-лоўным пратэктарам кальвiнiзму ў ВКЛ, закрыў у сваiх уладаннях 187 каталiцкiх храмаў, канфiскаваўшы iх зямельны фонд i маёмасць.
  • Рэфармацыю падтрымалi гетман найвышэйшы Мiкалай Радзiвiл Руды, Кiшкi, Сапегi, Хадкевiчы, Тышкевiчы i iншыя буйныя феадалы. Гарадская эліта, зацікаўленая ў ліквідацыі юрыдык і аслабленні кас-цёла, таксама падзяляла кальвінізм. У 1550-я гг. у духу кальвiнiзму былі рэфармаваны храмы ў Нясвiжы, Берасці, Клецку, Ляхавiчах, Кой-данаве, пазней у Вiцебску, Менску, Полацку, Глыбокiм, Iвянцы, Ор-шы, Смаргонi i iнш. Пры новых абшчынах вернікаў адкрывалiся шко-лы, шпiталi, друкарнi.
  • У 1560-х гг. з асяроддзя кальвіністаў ВКЛ вылучыліся антытрынітарыі або арыяне, якiя адмаўлялі трыадзіную сутнасць Бога, патра-бавалі скасаваць халопства і палепшыць становiшча сялян. Усяго да 1591 г. у межах ВКЛ налiчвалася 207 пратэстанцкiх збораў, з якiх па-даўляючая большасць (189) належала кальвiнiстам.
  • У мэтах аднаўлення былой палітычнай, эканамічнай і ідэалагіч-най магутнасці каталiцкая царква мусiла мабілізаваць сілы для барацьбы з рэлiгiйным iншадумствам і рэфармацыйнымi плынямi. Яе ўдарнай сілай зрабіўся ордэн Таварыства Icуса. У 1564 г. езуіты пачалі сваю дзейнасць у Польшчы, а праз 5 год яны з'явіліся ў сталіцу ВКЛ. У 1570 г. імі была адкрыта сярэдняя навучальная ўстанова - калегіум, які ў 1579 г. набыў статус акадэміі. Менавіта праз адукацыю навучэн-скай моладзі прышчапляліся контррэфармацыйныя ідэі. З апорай на ўплывовую каталіцкую шляхту езуітам удавалася зачыняць пратэстан-цкія, а таксама праваслаўныя культурна-асветніцкія ўстановы - шко-лы і друкарні. У 1593 г. у Нясвіжы быў пабудаваны першы на Беларусі езуіцкі храм - касцёл Божага цела. Актыўна падтрымлiвалі контр-рэфармацыю каралі РП С. Баторый і Жыгiмонт III Ваза.
  • З канца XVI ст. кальвіністы былі вымушаны перайсці да абароны сваіх пазіцый, прычым, не толькі ад каталіцкага ўплыву, але і ад пра-васлаўя. Пад уздзеяннем дзяржаўных санкцый i адсутнасцi адзiнства ў канцы ХVІ ст. рэфармацыйны рух на Беларусi пачаў паступова зга-саць. Кальвiнiсцкая шляхта стала вяртацца ў каталiцтва, у тым ліку сыны кальвінісцкага пратэктара М. Радзівіла. Адзін з іх - Мiкалай Ра-дзiвiл Сiротка зачыняў пратэстанцкiя прыходы. Па яго загаду на базе берасцейскай друкарні, перавезенай у Вiльню, было заснавана першае ў ВКЛ каталiцкае выдавецтва. Ён таксама прымусiў кальвiнiстаў пакi-нуць Нясвiж, Клецк і Койданава.
  • Ініцыятары контррэфармацыі ў РП скарысталі сваю перамогу ў барацьбе з пратэстантызмам і праваслаўем для ўмацавання пазіцый каталіцызма ў ВКЛ. З 1653 г. колькасць прыходскіх касцёлаў на беларускіх землях менш чым за стагоддзе ўзрасла са 153 да 270. Былі адкрыты дзесяткі кляштараў, у тым ліку ў Берасці, Гародні, Мінску, Наваградку, Оршы, Слоніме. Паводле пастановы сейма ад 1658 г. арыяне былі вымушаны пакінуць РП, але каб пазбегнуць выгнання, большасць іх было вымушана прыняць каталіцтва. І наадварот, паводле законаў ад 1668 і 1674 гг. пераход з каталіцтва ў іншую веру лічыўся крымінальным злачынствам і караўся. Такім чынам, контррэфармацыйны рух аднавіў і нават павялічыў уплыў каталіцызму ў ВКЛ.
  • 2. Брэсцкая ўнія. Канфесійныя адносіны на Беларусі ў XVI-XVIIІ стст.
  • Па меры ўзрастання супернiцтва памiж ВКЛ i Маскоўскай дзяржавай у ХV-ХVІ стст. узрастала заклапочанасць вялікакняскай адмiнi-страцыi той акалічнасцю, што мясцовае праваслаўнае святарства, а ра-зам з iм i вернiкi, знаходзяцца пад пэўным рэлiгiйна-палiтычным уплывам праваслаўнай Масквы. Са стварэннем у ёй самастойнага і не залежнага ад Канстанцінопаля патрыярхату (1589) мясцовыя права-слаўныя iерархi, у тым лiку мiтрапалiт Кiеўскi, трапiлi у прамое яму падпарадкаванне, што яшчэ больш занепакоiла элiту РП.
  • На той час праваслаўная царква ВКЛ перажывала не лепшыя ча-сы. Па сутнасці, асноўнай яе сацыяльнай апорай з'яўлялася бяспраў-нае сялянства і гарадскія нізы. Праваслаўныя святары выказвалi цікавасць да ўніі, спадзеючыся атрымаць роўнае з каталiцкiмi бiскупамi прадстаўнiцтва ў Сенаце, або для таго, каб зусім не застацца без паствы. У 1595-1596 гг. асобныя праваслаўныя іерархі наведалi папу Рымскага і атрымалі яго блаславенне на ўнiю. Для яе канчатковага зацвярджэння ў Брэсце быў скліканы царкоўны сабор. 9 кастрычнiка прыхiльнiкi унii абвясцiлi аб стварэннi грэкакаталiцкай царквы. Жыгiмонт III Ваза ўнiверсалам ад 15 лістапада 1596 г. зацвердзiў гэты акт i заклiкаў жыхароў Беларусi i Украiны прызнаць унiяцкiх бiскупаў.
  • Новая канфесiя прызнавала вяршэнства папы Рымскага, запазычвала каталiцкiя дагматы, крыж і распяцце, убранства храмаў, але захоўвала абраднасць і богаслужэнне на царкоўна-славянскай мове. Акрамя таго, уніяцкім святарам дазвалялася мець сям'ю.
  • Укараненне ўнiяцтва на Беларусi адбывалася няпроста. Па-першае, пэўная частка заможных пластоў насельніцтва ўбачыла ў ім каталіцкую экспансію. Па-другое, не ўсе праваслаўныя прыходы далучыліся да ўніі. І калі ў 1620 г. на Ўкраіне была адноўлена праваслаўная царква, то ёй падпарадкавалася ўсё праваслаўнае насельнiцтва Беларусi. Па-трэцяе, у шэрагу выпадкаў гвалтоўная актыўнасць святароў па неадкладным пераўтварэнні праваслаўных прыходаў ва ўніяцкія выклiкала процiдзеянне вернікаў. Так, 12 лістапада 1623 г. у Вiцебску быў забiты полацкi уніяцкі арцыбiскуп Iясафат Кунцэвіч. Як высветлiлася, у падрыхтоўцы выступлення бралi удзел вернiкi праваслаўных прыходаў не толькi Вiцебска, але i Вiльнi, Оршы, Магiлёва.
  • Па даручэннi папы Рымскага Жыгiмонт III Ваза накiраваў у Віцебск войскi з мэтай пакарання паўстанцаў. У вынiку горад быў пазбаўлены магдэбургскага права. Са знятых з праваслаўных храмаў званоў быў адлiты адзiн вялiкi - у памяць Кунцэвiча. Па прыгавору суда два бурмістры і 17 жыхароў былі пакараны смерцю. Кароль РП загадаў уніяцкаму святарству надалей больш памяркоўна, без гвалту распаўсюджваць веру, і гэта дало своё плён. Нават пісьменнік М. Сматрыцкі, які спачатку шчыра выступаў супраць уніяцтва, у сваіх апошніх творах канца 1620-х гг. далучыўся да ўніі і асудзіў праваслаўе.
  • Асобныя праваслаўныя шляхцічы і святары працягвалі барацьбу за аднаўленне самастойнасці сваёй царквы. Пасля смерці Жыгімонта III Вазы новы кароль Уладзіслаў ІV (1632-1648) быў вымушаны аднавіць праваслаўную іерархію і ў наступным годзе зацвердзіў мітрапалітам П. Магілу. Сейм, скліканы ў 1635 г. пацвердзіў свабоду дзейнасці дзвюх «рускіх» цэркваў - праваслаўнай і ўніяцкай.
  • Пад час контррэфармацыі праваслаўная шляхта прымала ўнiю. Так, у 1660 г. ва ўсёй РП католiкi складалi ужо 43%, унiяты - 33, праваслаўныя - 10, iўдзеi - 9, людзі ўсіх іншых вер -5 % ад колькасцi усiх жыхароў дзяржавы.
  • Уніяцкая царква ўтварала Кіеўскую мітраполію (з цэнтрам у Вільні) у складзе 9 епархій, з якіх 5 прыпадала на беларускія землі. Папа Рымскі прызначаў кіраўніка ўніяцкай царквы - мітрапаліта, які, у сваю чаргу, мог прызначаць кіраўнікоў епархій. У адрозненне ад каталікоў, адзіным манаскім ордэнам уніятаў з'яўляўся ордэн базыльянаў (св. Васілія Вялікага). Да першага падзелу РП на тэрыторыі Беларусі існавала 55 базыльянскіх кляштараў, буйнейшымі з якіх былі Полацкі, Жыровіцкі, Менскі, Віцебскі і інш. Базыльяне мелі свае навучальныя ўстановы, друкарні і сярод іншых уніятаў вызначаліся высокай адукаванасцю. Аберагаючы сваю паству ад каталіцкага ўплыву, яны выдавалі на блізкай да беларускай мовы набажэнскую літаратуру, чым дапамагалі беларусам зберагчы сваю культурную ідэнтычнасць.
  • Казацкія атрады, якія траплялі на Беларусь у час войн (1648-1651) (1654-1667), не рабілі адрозненняў паміж католікамі і ўніятамі і аднолькава жорстка каралі тых і другіх. Такую ж палітыку праводзілі ваяводы Аляксея Міхайлавіча. Прычым, калі каталіцкаму касцёлу дазвалялася праводзіць службу на захад ад Бярэзіны, то ўніяцтва забаранялася паўсюдна. Нават паводле ўмоў Андрусаўскага перамір'я (1667), кароль абавязаўся не пашыраць унію ў Магілёўскай епархіі.
  • Праваслаўныя іерархі РП з удзячнасцю прымалі дапамогу рускіх цароў, але не спяшаліся адмаўляцца ад аўтаноміі, і толькі ў 1686 г. Кіеўская мітраполія ўвайшла ў падпарадкаванне патрыярха маскоўскага. Але іх прававое становішча па-ранейшаму было горшым за становішча каталікоў і ўніятаў. Напрыклад, пасля вайны 1654-1667 г. ім не дазвалялася займаць пасады ў магістраце.
  • Сітуацыя склалася такім чынам, што ў канцы XVII - пачатку XVIII стст. праваслаўная вера ў РП страціла аўтарытэт настолькі, што тры яе епархіі з чатырох перайшлі ва ўніяцтва. Адзіная Беларуская епархія імкліва губляла сваіх прыхільнікаў. Пад яе кантролем засталося толькі 130 цэркваў, а 164 царквы і 5 манастыроў на працягу 1686-1754 гг. таксама далучыліся да ўніі.
  • Пад час Паўночнай вайны з-за прысутнасці ў РП іншаземных войскаў становішча асноўных канфесій пэўным чынам змянілася. Характэрна, што Пётр І ставіўся да каталікоў даволі прыхільна і нават дазволіў ім адкрыць некалькі касцёлаў у Расіі. Разам з тым праваслаўны цар разглядаў уніятаў як здраднікаў веры. З яго ведама ў 1706 г. у Полацку было забіта пяць манахаў-базыльянаў, мноства іх арыштавана і вывезена ў Расію. Маёмасць базыльянскіх кляштараў была разрабавана рускай арміяй, а ў 1710 г. ад полацкай Сафіі, ператворанай у склад пораху, пасля выпадковага выбуху засталіся адны руіны. У той самы час цар накіраваў у Магілёў камісара для абароны інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва, а ў 1717 г. дамогся ад сейма прыняцця адпаведнага закона ў абарону правоў іншаверцаў усёй краіны. Такую ж палітыку праводзілі Кацярына І, Лізавета І і інш., але працэс умацавання ўніі за кошт праваслаўя працягваўся.
  • У апошняй трэці XVII - пачатку XVIII стст. уніяты пераўзыйшлі ўплыў праваслаўнай царквы. Таму паспрыялі вынікі ўніяцкага царкоўнага сабору (з'езду), які адбыўся ў Замосці ў ліпені-верасні 1720 г. пад старшынствам папскага нунцыя. Паводле прынятых пастаноў, у веравучэнне і працэдуру ўніяцкага набажэнства ўводзіліся асобныя лацінскія элементы (сімвал веры, узгадванне імя папы рымскага), але традыцыі ўсходняй (праваслаўнай) царквы па-ранейшаму захоўваліся.
  • Нягледзячы на значныя дасягненні уніятаў, іх канфесія намаганнямі ксяндзоў часта падавалася як непаўнавартасная, «хлопская» і г. д., што ўрэшце правакавала ўзрастанне напружанасці паміж каталіцкай і уніяцкай элітамі.
  • 3. Культура Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай
  • Пад уздзеяннем ідэй Рэнесансу стан адукацыі ў ВКЛ узняўся на больш высокі ўзровень. З пачаткам Рэфармацыі тут сталі ўзнікаць кальвінісцкія і зрэдку лютэранскія школы. Асаблівасцю адукацыйных устаноў ВКЛ ХVІ ст. зрабілася перавага ў іх так званых брацкіх школ, дзе на працягу 3-5 год навучаліся дзеці розных саслоўяў, як правіла, пратэстанцкага і праваслаўнага веравызнання. У пратэстанцкіх школах выкладаліся багаслоўе і царкоўныя спевы, лацінская, грэчаская і родная мова, рыторыка, гісторыя, матэматыка.
  • У пачатку 1620-х гг. у межах уніяцкай мітраполіі налічвалася 2 169 уніяцкіх і 1 089 праваслаўных храмаў, дзе былі адкрыты школы. Найбольшых поспехаў на ніве адукацыі дасягнуў ордэн Базыльянаў.
  • Развіццё брацкіх школ у ХVІІ ст. прывяло да з'яўлення падручнікаў. Так, у Брэсце праваслаўны святар Л. Зізаній падрыхтаваў да выдання «Азбуку з Лексісам». 12 лютага 1596 г. ён выдаў «Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова... ». У 1631 і 1636 гг. у Куцейна пад Оршай беларуска-украінскі асветнік С. Собаль надрукаваў «Буквар».
  • На хвалі барацьбы каталіцызма з Рэфармацыяй у 1570 г. у Вільні езуітамі быў створаны так званы «калегіум», а праз 9 год на яго базе пачала дзейнічаць вышэйшая навучальная ўстанова - акадэмія і ўніверсітэт з 7-гадовым тэрмінам навучання. З цягам часу папулярнасць універсітэта, а таксама колькасць яго навучэнцаў узраслі з 60 студэнтаў (1579) да 800 штогод (у першай пал. ХVII ст.). Асноўную іх масу складалі выпускнікі калегіумаў Берасця, Віцебска, Гародні, Нясвіжа, Оршы, Пінска, Полацка.
  • Да канца стагоддзя становішча, калі асноўнымі мовамі навучання ў ВКЛ былі лацінская і польская, зрабілася тыповым. Што датычыць зместу навучання, то яно рабілася ўсё больш свецкім. Навуковыя адкрыцці ў фізіцы, матэматыцы, біялогіі, медыцыне і інш. пахіснулі манаполію царквы ў фарміраванні светапогляду людзей, надаўшы ім веру ў магчымасць удасканалення грамадскага ладу на разумных пачатках, праз распаўсюджанне навукі, ведаў і свецкай культуры. Само ХVІІІ стагоддзе, калі пачаліся і ўзмацніліся канкрэтныя станоўчыя зрухі ў гэтым напрамку, пачалі называць эпохай Асветніцтва, а прагрэсіўных дзеячаў навукі і культуры - асветнікамі. Распаўсюджанне асветніцкіх ідэй на Беларусі знайшло ўвасабленне найперш у сістэме адукацыі. Так, у 1740-х гг. калегіумы каталіцкага ордэна піяраў у Віцебску, Дуброўне, Лідзе, Шчучыне і інш. уключылі ў свае вучэбныя праграмы матэматыку, фізіку, усеагульную і польскую гісторыю і тым наблізіліся да свецкай адукацыі. У гэты час мовай навучання з'яўлялася польская. Базыльяне, якім належалі школы ў Віцебску, Жыровічах, Менску, Навагрудку, Пінску, выкарыстоўвалі беларускую мову.
  • За правядзенне ў РП адукацыйнай рэформы на дзяржаўным узроўні ўзялася створаная ў 1773 годзе Адукацыйная камісія. У лік абавязковых прадметаў былі ўключаны геаграфія, права, логіка, рыторыка, эканоміка. Пасля забароны (1773) дзейнасці ў РП Ордэна езуітаў Віленская акадэмія ў 1780 г. была ператворана ў Галоўную школу ВКЛ і пад яе пачатак перадаваліся ўсе навучальныя ўстановы.
  • У гэты ж час узнікае і пашыраецца прафесійная школа. Так, у Гародні, дзякуючы намаганням магната А. Тызенгауза (1738-1785), рыхтаваліся медыкі, ветэрынары, аўдытары, мастакі, чарцёжнікі. Запрошаны каралём РП французскі прафесар Ж. Жылібер заснаваў у Гародні вышэйшую медыцынскую школу (1775-1781), а пры ёй - аптэку, прыродазнаўчы кабінет, анатамічны тэатр і батанічны сад.
  • Выпускнік Віленскай Акадэміі К. Семяновіч (1600-пасля 1651), генерал войск РП у працы "Вялікае мастацтва артылерыі", выдадзенай у Галандыі, распрацаваў праект шматступенчатай ракеты.
  • Нягледзячы на адносную рэлігійную талерантнасць, ідэя бога з'яўлялася непахіснай, а праявы вальнадумства бязлітасна караліся. Так, 30 сакавіка 1689 г. у Варшаве быў пакараны смерцю брэсцкі падсудак К. Лышчынскі за напісаную ім працу «Аб неіснаванні бога».
  • I. Капіевіч (1651-1714) - выпускнік Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, а пасля - яе выкладчык, з-за пераследу езуітаў быў вымушаны з'ехаць у Галандыю. У Амстэрдаме ён стварыў сучасны варыянт кірылічнага шрыфту. За 1699-1706 гг. выдаў больш за 20 кніг па арыфметыцы, гісторыі, граматыцы, марской справе, а затым выехаў у Расію.
  • ВКЛ не толькі ўзбагачала навуку і культуру суседніх дзяржаў, але і само карысталася іх дасягненнямі ў гэтых галінах. Працы філасофаў Ф. Бэкана, Т. Гобса, Д. Лока, Р. Дэкарта, Ш. Мантэск'е і інш. актыўна ўключаліся ў курсы лекцый прафесараў Віленскага ўніверсітэта А. Скарульскага, Б. Дабшэвіча, К. Нарбута). Фізік Ю. Міцкевіч устаў на платформу ньютанаўскай механікі. М. Пачобут-Адляніцкі заснаваў айчынную астраномію.
  • Такім чынам, за працяглы час свайго існавання - з ХVІ па ХVІІІ стст. беларуская адукацыя і навука прайшлі доўгі шлях ад царкоўнай падпарадкаванасці і рэлігійнага зместу да рознаўзроўневай сістэмы свецкіх навучальных устаноў. У вучэбных праграмах павялічылася доля прыродазнаўчых дысцыплін, а філасофія перастала быць «служанкай багаслоўя» і ператварылася ў самастойную навуку. Рэнесансныя традыцыі беларускага кнігадрукавання, заснаванага Скарынам, пераняла і прадоўжыла плеяда дзеячаў Рэфармацыі і Асветніцтва. За рэдкім выключэннем (С. Будны, В. Цяпінскі і інш.) - ураджэнцы Беларусі ў сваёй творчай дзейнасці не звярталіся да роднай мовы. Нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці ці ідэнтыфікацыя сябе з іншымі этнасамі рабілі асобных ураджэнцаў ВКЛ донарамі іншых культур. У іх ліку - кнігадрукары П. Мсціславец і І. Фёдараў.
  • Мастацкае слова, філасофская думка і гістарычная падзея адбілася ў асабістых запісах жыхароў ВКЛ - лістах аршанскага старасты Ф. Кміты-Чарнабыльскага (1530-1587) на адрас паны-рады, «Дзённіка» навагародскага падсудка Ф. Еўлашоўскага (1546-1616), «Дыярыуш» ігумена А. Філіповіча (1597-1648), дзённік «Авантуры майго жыцця» наваградскай лекаркі С. Русецкай (1718-1760).
  • Акрамя рэлігійна-палемічнай літаратуры, у ВКЛ у рэчышчы барочнага мастацтва ніжэйшага ўзроўню развіваліся і іншыя яе жанры - лірыка, п'есы для батлейкі, а таксама сатыра. Апошняя найлепш прадстаўлена ў ананімным творы «Ліст да Абуховіча» (1655), дзе ў асобе ваяводы высмейваецца амаральнасць шляхты. Тая ж праблема ёсць і ў другім ананімным творы «Прамова Мялешкі».
  • Сімяон Полацкі (С. Г. Пятроўскі-Сітніяновіч) (1629-1680 гг.) напісаў мноства вершаў і паэм маральна-дыдактычнага характару, дзве тэатральныя камедыі, выдаў зборнік «Рыфмалогіі». За нядоўгі час свайго жыцця С. Полацкі выявіў багаты талент святара і багаслова, педагога, паэта, перакладчыка. Як прыхільнік ідэі кансалідацыі славян распрацаваў праект («Прывілей») заснавання ў Расіі славяна-грэка-лацінскай акадэміі. У асобных яго творах сустракаюцца рысы барока.
  • Гэты мастацкі стыль узнік у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ў выніку ўзаемадзяння многіх сацыяльна-эканамічных, палітычных, рэлігійных і іншых працэсаў, якія мелі месца ў ХVІ ст. Найперш ён увасобіўся ў архітэктуры і абапіраўся на традыцыі антычнасці з уласцівым ёй пышным, пампезным дэкорам, вытанчанасцю форм і ліній, выкарыстаннем светлацені і іншымі рысамі мастацтва. Першым яго ўзорам на ўсходнеславянскіх землях стаў касцёл Божага цела ў Нясвіжы (1584-1593), пабудаваны Я. Бернардоні па кананічным праекце царквы Іль Джэзу ў Рыме. У далейшым асноўнай базай беларускага барока з'яўлялася культавая архітэктура першай паловы XVII ст. Характэрная яго праява (базілікавы тып храма з двухвежавым галоўным фасадам) адбіта ў касцёлах езуітаў у Гародні і Мінска, дамініканцаў у Стоўбцах і ў Княжыцах пад Магілёвам, бернардзінак у Мінску.
  • Працэс развіцця мураванай архітэктуры меў тры этапы і ў адпаведнасці з імі беларускае барока стала ўмоўна падзяляцца на ранняе, сталае і позняе. Апошняе (1730-1780-я гг.) з уласцівым яму ўменнем мясцовых дойлідаў па стварэнні шмат'ярусных вежаў, фігурных франтонаў, па дасягненні гармоніі вертыкалізму ліній і плаўнасці сілуэтаў было названа віленскім. Гэты стыль характэрны касцёлу кармелітаў у Глыбокім, сабору св. Сафіі ў Полацку, Андрэеўскаму касцёлу ў Слоніме і інш. З цягам часу элементы барока з'яўляюцца і свецкай архітэктуры палацавых ансамбляў у Нясвіжы, Ружанах, Шчорсах, ратуш Віцебска, Магілёва, Мінска.
  • З узнікненнем у XVIII ст. новага архітэктурнага стылю класіцызму барока некаторы час існуе паралельна з ім і саступае яму месца пасля падзелаў РП.
  • Прыкметы барока ў выяўленчым мастацтве ўзніклі ў сярэдзіне XVII ст. Гэты стыль выяўляе сябе ў насценных роспісах каталіцкіх храмаў: францысканцаў у Гальшанах, езуітаў у Нясвіжы, св. Станіслава ў Магілёве. Значна павольней барока ўздзейнічала на іканапісны жанр, дзе, як і раней, выявы святых доўгі час захоўвалі кананічны выгляд. Тым не менш у іканапісе з'яўляюцца элементы зямнога жыцця. У абразах «Праабражэнне» (1648), «Нараджэнне Маці Боскай» (1649), «Пакроў» (1650), «Успенне» (1652) прысутнічаюць мясцовыя пейзажы і ўласцівыя эпосе прадметы побыту. У ХVІІІ ст. барока ў іканапісе характарызуецца большай прысутнасцю народных матываў, павелічэнне элементаў свецкага жывапісу і інш.
  • Партрэтны жанр стаў з'яўляцца на Беларусі ў канцы ХVІ ст. Лепшыя працы беларускіх майстроў адбіліся ў партрэтах Я. Радзівіла, А. Астрожскага, А. Радзівіла і інш. Узнікненне стылю барока ў партрэтным жывапісе супала з росквітам так званага «сарматызму» - ідэалогіі, якая падкрэслівала старадаўняе паходжанне, саслоўную і грамадскую выключнасць шляхты. Сармацкаму партрэту было ўласціва знешняе падабенства, наяўнасць пэўных атрыбутаў (герб, надпіс) ці прадметаў, якія адлюстроўвалі прыналежнасць персоны да групы «абраных». Такія рысы ўласцівы «рыцарскім» партрэтам К. Весялоўскага, М. Паца, А. Завішы, К. Сапегі, Ю. Радзівіла і інш.
  • У другой палове ХVІІІ ст. з распаўсюджаннем Асветніцтва барока паступова саступае месца новаму стылю - класіцызму з уласцівымі яму напускной урачыстасцю ў выглядзе і позах персон, вытанчанасцю дэталяў, прысутнасцю дэкаратыўных элементаў антычнасці. У ліку заснавальнікаў школы класічнага жывапісу на быў прафесар Віленскай Галоўнай школы Ф. Смуглевіч (1745-1807).
  • Скульптура мела культавае прызначэнне і выраблялася для каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў як элемент алтароў. Выявы Бога і святых вырабляліся з дрэва с выкарыстаннем фарбаў і пазалоты. Найбольш выразныя ўзоры стылю барока адбіліся ў алтары будслаўскага касцёла (1643-1651). Своеасаблівыя свецкія матывы ў скульптуры адбіліся ў надмагільных партрэтах знатных нябожчыкаў.
  • Пачатак тэатральнага мастацтва звязваюць з народным лялечным тэатрам - «батлейка» (ад паланізаванай назвы горада Вiфлеем, дзе, нарадзiўся Iсус) або «Вяртэп», «Яселка» ці «Жлоб». Арганізатарамі відовішчаў напачатку былі вандруючыя манахі, студэнты ці іншыя адукаваныя людзі. Сцэнай для выступлення лялечных артыстаў служыла трох- ці двух'ярусная скрыня. Так, на верхнім ярусе батлейкі паказвалі дзеі на рэлігійныя сюжэты, на ніжэйшых - з народнага жыцця. Як правіла, апошнія складалі народную драму «Цар Максіміліян», жанравыя сцэнкі - «Антон з казой і Антоніха», «Вольскі - купец польскі», «Бэрка-карчмар», «Цыган і цыганка» і інш.
  • Цэнтрамі мастацкай культуры Беларусі зрабіліся магнацкія рэзідэнцыі ў Гародні, Нясвіжы, Ружанах, Слоніме і інш. гарадах. Выпісанымі з-за мяжы музыкантамі, сцэнографамі, балетмайстрамі ствараліся школы для падрыхтоўкі артыстаў з ліку прыгонных юнакоў і дзяўчат. Так, частка нясвіжскага замка адводзілася пад тэатр, музычную і балетную школы. У 1746 г. жонка магната Ўршуля Радзівіл паставіла на сцэне сваю камедыю «Дасціпнае каханне». Струннай капэлай, музычнай і балетнай школамі, адмысловым «Новым домам оперы» славілася рэзідэнцыя гетмана М. К. Агінскага ў Слоніме. Музычная капэла, а таксама школа па падрыхтоўцы прыдворных артыстаў належала А. Тызенгаузу. Яго тэатр па майстэрству і славе пераўзышоў астатнія ва ўсёй РП. Магнаты Тышкевічы заснавалі тэатры з прыгоннымі артыстамі ў Свіслачы і Плешчаніцах. Усяго да канца існавання РП на Беларусі мелася 26 тэатраў і каля 30 аркестраў. У цэлым мастацкая культура Беларусі XVIII ст. мела выразны свецкі і элітарны характар.
  • 4. Беларусь у войнах (ХVІІ-ХVІІІ стст.)
  • У вынiку аб'яднання Польшчы з ВКЛ суадносiны сiл ва Усходняй Еўропе паступова змянялiся на карысць РП. Таму паспрыяла ўзнікненне ў Маскоўскай дзяржаве - так званага «смутнага часу», выкліканага крызісам царскай улады. Свае прэтэнзіі на трон выказаў беглы манах Р. Атрэп'еў, які абвясціў сябе сынам Івана ІV Дзмітрыем. Пры падтрымцы Жыгімонта ІІІ і ваяводы Ю. Мнішака Ілжэдзмітрый з 4-тысячным войскам рушыў на Маскву і ў чэрвені 1605 г. заняў яе. У тым самым месяцы самазванец каранаваўся на царства пад іменем Дзмітрыя І. Але, захапіўшы трон, ён не здолеў выправіць цяжкога становішча, у якім знаходзіліся расійскае грамадства і яго гаспадарка. Акрамя таго, прысутнасць у Маскве чужых (польскiх, лiтоўска-бела-рускiх) войск выклiкала незадавальненне масквiчоў. 17 мая 1606 г. у вынiку змовы баяр i паўстання гараджан Iлжэдзмiтрый быў забіты.
  • Новым царом быў абраны Васіль Шуйскі (1606-1610), але змена ўлады не палепшыла цяжкога становішча. У Расii распаўсюдзiлiся шматлiкiя антыўрадавыя выступленнi сялян, казакоў, нават дваран. На фоне агульнага незадавальнення В. Шуйскім у 1607 г. узніклі чуткі аб Дзмітрыі І, які ў Старадубе (Браншчына) збірае сілы для новага паходу на Маскву. 1 мая 1608 г. новаму самазванцу М. Малчанаву ўдалося разбіць царскае войска, падыйсці зусім блізка да Масквы і стаць лагерам каля в. Тушына. Каб перамагчы «тушынскага злодзея», паслы Шуйскага звярнуліся за дапамогай да Швецыі, абяцаючы саступіць ёй прыбалтыйскія землі. Але як толькі на баку цара выступілі шведы, РП успрыняла гэта як недружалюбны акт і прыступілася да адкрытай інтэрвенцыі. У вераснi 1609 г. яе войскi асадзiлi Смаленск, а ў чэрвені 1610 г. разбілі царскіх стральцоў. У Маскве група дваран звергла В. Шуйскага трону і пастрыгла яго ў манахі. Улада перайшла да 7 баяр на чале з князем Мсціслаўскім. Паводле падпісанай 17 жніўня 1610 г. «сямібаяршчынай» і гетманам С. Жалкеўскім дамовы, на рускі трон запрашаўся сын Жыгімонта ІІІ каралевіч Уладзіслаў. Маскоўскі Крэмль аддаваўся пад ахову польска-літоўскага гарнізона.
  • У тых умовах Ілжэдзмітрый ІІ быў вымушаны ўцякаць з Тушына i у снежні 1610 г. ён быў забіты сваiмi былымi прыхiльнiкамi.
  • У адрозненне ад вышэйшага баярства, асноўная маса дваран і простага люду адмовілася прысягаць Уладзiславу і выступіла супраць інтэрвентаў. Першая спроба апалчэнцаў выбіць захопнікаў з Масквы ў маі 1611 г. скончылася няўдала. У верасні 1612 г. другое апалчэнне на чале з Дз. Пажарскім і К. Мініным нанесла паражэнне войску гетмана ВКЛ Я. Хадкевіча, якое ішло на дапамогу акружаным у Крамлі суайчыннікам, і 6 снежня ім давялося капітуляваць.
  • У студзенi 1613 г. на Земскiм Саборы ў Маскве быў абраны новы цар - 16-гадовы М. Раманаў (1613-1646), а 11 ліпені ён «вянчаўся на царства». Такім чынам, для расійскага грамадства «смутны час» скончыўся. Але каралевіч Уладзіслаў не пакідаў спроб завалодаць расійскім тронам. Распачаты ім у 1617 г. паход войска РП на Маскву пажаданай мэты не дасягнуў. Паводле перамір'я, падпісанага абодвума бакамі ў снежні 1618 г. у в. Дзявуліна, ён адмаўляўся ад правоў на трон, але да РП адыходзілі Смаленскія і Чарнігава-Северскія землі.
  • Пасля смерцi Жыгiмона III (1632) Міхаілам І была здзейснена няўдалая спроба вяртання Смаленска. Спроба новага караля Ўладзiслава IV Вазы (1632-1648) захапіць Маскву таксама не прынесла яму поспеху. У адпаведнасці з Палянаўскім мірам ад 17 мая 1634 г., пацвярджалася непарушнасць граніц паміж Расіяй і РП. Акрамя таго, Расія абавязалася выплаціць 20 000 руб., а кароль канчаткова адмаўляўся ад прэтэнзій на рускі трон.
  • Сацыяльна-эканамічнае становішча ВКЛ канца XVI - першай паловы XVII стст. характарызавалася ўсталяваннем фальварачна-паншчыннай сістэмы, умацаваннем зямельнай уласнасці феадалаў, якія імкнуліся павялічыць свой прыбытак шляхам павелічэння эксплуатацыі залежных сялян.
  • Умацаванне прыгнёту адчуваў таксама працоўны люд гарадоў і мястэчак ВКЛ, асабліва тых, якія належалі свецкім і духоўным асобам. Адным са спосабаў пазбаўлення ад феадальнага прыгнёту з'яўляліся ўцёкі на поўдзень ВКЛ. Там, за «парогамі» Дняпра, у Запарожскай Сечы ў канцы XVI ст. узнікла своеасаблівае напалову ваеннае, этнічна неоднароднае саслоўе - запарожскае казацтва. Частка яго - так званае рэестравае казацтва - знаходзілася на службе ў караля РП, мела ўстойлівы прыбытак і пэўныя прывілеі.
  • Паўстанне запарожскiх казакоў, якое пачалося ў красавіку 1648 г., адыграла вызначальную ролю ва ўздыме антыфеадальнага руху на беларусі. Поспехі паўстанцаў на чале з гетманам Б. Хмяльніцкім у маі 1648 г. у баях з каралеўскімі войскамі пад Жоўтымі Водамі і Корсунем выклiкалi узброеныя выступленнi беларускiх сялян i гараджан. Для падтрымкi народнага руху Б. Хмяльнiцкi накiраваў на Беларусь казацкiя «загоны» (атрады) на чале з Галавацкiм, Крывашапкам, Нябабам, Хвясько i iнш. Адначасова ад Гомеля да Барысава, Быхава i Магiлёва рассылалiся гетманскiя ўнiверсалы з заклiкам да паўстання. Да восенi 1648 г. жыхары Мазыра, Турава, Гомеля, Рэчыцы i iх наваколляў «усе паказачылiся i паклялiся адзiн другому стаяць да апошняга». Асобныя фарміраванні шляхты былі разбіты пад Кобрынам, Мазыром, Чэрыкавым і інш.
  • Чарговая перамога Б. Хмяльніцкага над польскім апалчэннем пад Піляўцамі 21 верасня 1648 г., актывізавала паўстанцкі рух на Беларусі. Мясцовая шляхта пачала фармiраваць свае сілы і вербаваць наёмнiкаў. Агульнае кiраўнiцтва шляхецкім войскам было ўскладзена на вялікага гетмана літоўскага Я. Радзiвiла. У кастрычніку 1648 г. г. шляхецкае войска на чале са стражнікам Мірскім пасля ўпартай барацьбы авалодалі Пінскам i жорстка пакаралі яго абаронцаў, забіўшы больш за 3 тыс. мяшчан, у тым лiку жанчын i дзяцей. Такi ж лёс спасцiг абаронцаў Чэрыкава. У студзені 1649 г. Я. Радзівіл на чале 10-тысячнага войска прайшоў па Тураву, Петрыкаву, Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы і на працягу зімы падавіў усе лакальныя ачагі паўстання.
  • Вясной 1649 г. з Украіны на Палессе прыбыў 3-тысячны загон палкоўніка Галоты і паўстанне ізноў стала разгарацца. Неўзабаве тут з'явіліся загоны Гаркушы, Пабадайлы, Крычэўскага i iнш. Б. Хмяльніцкі працягваў накіроўваць казакоў на Беларусь, каб скаваць сілы Радзівіла і не дапусціць іх злучэння з каралеўскімі войскамі. Але 21 чэрвеня 1649 г. шляхце ўдалося разграміць групоўку сялянска-казацкіх паўстанцаў на чале з М. Крычэўскім, а затым лагер Пабадайлы каля Лоева. У выніку паўстанцкі рух рассеяўся на асобныя плыні, страціў масавасць і набыў форму партызанскай барацьбы.
  • 6 жніўня шляхецкае войска ВКЛ захапіла Кіеў аб'ядналася з каралеўскім. 28 верасня 1651 г. Б. Хмяльнiцкі быў вымушаны падпісаць не выгадны для сябе Белацаркоўскі мір. Застаўшыся без казацкай падтрымкi, беларускiя паўстанцы не здолелi працягваць адкрытую барацьбу, некаторы час дзейнiчалi паасобку, але ў далейшым былi вымушаны спынiць супрацiўленне. Відавочна, што ў ліку прычын паражэння паўстання на Беларусі з'яўлялася адсутнасць такой арганізаванай сілы як казацтва і адзінага цэнтра кіравання. Усе выступленні як сялян, так і мяшчан, былі лакальнымі і не скіроўваліся на дасягненне адзінай мэты. Тым не менш, па сваім характары, маштабах яны мелі прыкметы антыфеадальнай вайны.
  • Адным з вынікаў казацкага паўстання на Ўкраіне з'явілася ўваходжанне яе левабярэжнай часткі (Гецьманшчыны) у Расію пад пратэктарат маскоўскага цара. Але пераяслаўскі дагавор ператварыў канфлікт паміж казацтвам і польскай шляхтай у вайну РП з Расіяй.
  • Карыстаючыся цяжкім становішчам РП, цар Аляксей Міхайлавіч (1645-1676) вырашыў замацаваць поспех захопам суседніх з Расіяй зямель ВКЛ. Яго разлік на пераможную кампанію будаваўся не толькі на рускае 80-тысячнае войска (супраць 10-тысячнага шляхецкага), але і на дапамогу беларускага насельнiцтва.
  • З пачаткам лета 1654 г. рускiя стральцы перайшлі мяжу ВКЛ. У паўночным напрамку за лета стральцы заваявалі Полацк, Мсціслаў, Оршу, у верасні - Смаленск, у канцы лістапада - Віцебск. На поўднi яны з дапамогай 20-тысячнага казацкага войска захапiлi Гомель, Чачэрск, Прапойск, Быхаў. Некаторыя гарады, да прыкладу, Магілёў, здаваліся без супраціўлення. Летам 1655 г. пачалося новае наступленне рускiх войск на чале з ваяводам Трубяцкім, якое скончылася захопам цэнтральная i заходняй часткі Беларусi разам з Вiльняй.
  • У ліпені 1655 г. шведскі кароль Карл Х Густаў рушыў вайной на РП і захапіў вялікую яе частку разам з Варшавай. У тых умовах шляхецкая групоўка паспрабавала аднавіць самастойнасць ВКЛ. З гэтай нагоды Я. Радзівіл пайшоў на заключэнне саюза ВКЛ са Швецыяй і ў кастрычнiку 1655 г. падпісаў акт так званай Кейданскай унii. Але асноўная маса шляхты засталася вернай уніі «двух народаў».
  • Небяспека ўмацавання Швецыі прымусіла цара прыпыніць баявыя дзеянні супраць РП і 24 кастрычніка 1656 г. падпісаць з ёй так званае Віленскае перамір'е. Па яго ўмовах на акупiраванай тэрыторыі ўлада заставалася за рускімі ваяводамі. Тым з беларускай шляхты, хто прысягаў цару, надавалiся правы рускіх дваран. Насельнiцтва i палонныя павінны былі ахрысціцца ў праваслаўную веру Каталiцкiя i унiяцкiя храмы зачыняліся. Становішча яўрэяў значна пагоршылася.
  • Разам з тым паводзiны рускiх стральцоў на Беларусi выклiкалi моцнае незадавальненне мясцовага жыхарства. Цэлыя сялянскiя i рамеснiцкiя сем'i вывозiлiся ў Расію. У выніку людзі адмаўляліся ад прысягі на вернасць цару і браліся за зброю. У 1658 г., калі баявыя дзеянні паміж РП і Расіяй аднавіліся, выступленні супраць стральцоў значна пачасціліся. На бок караля РП перайшло ўкраінскае казацтва.
  • Пасля падпiсання мiру са Швецыяй (май 1660) РП здолела мабілізаваць сілы на барацьбу за вызваленне акупіраваных тэрыторый ВКЛ. Так, 18 чэрвеня аб'яднанае войска польскай i лiтоўска-беларускай шляхты на чале з П. Сапегам разбiла войска ваяводы Хаванскага каля в. Палонка, Слонiмскага пав. У лiпенi уся Беларусь на захад ад Бярэзiны была вызвалена. У кастрычнiку 1660 г. войска царскага ваяводы Далгарукага было адкiнута да Смаленска.
  • У пачатку 1661 г. узмацняецца антырускае супрацiўленне на акупiраванай тэрыторыi. Так, у лютым 1661 г. адбылося паўстанне мяшчан Магiлёва, якiя за ноч знiшчылi 2 000 стральцоў. Такiя ж паўстаннi адбылiся ў Гомелi i iншых гарадах. Восенню войска РП вызваліла Гародню і Вільню. Але на буйнамаштабныя акцыi нi у аднаго з бакоў ужо не было сiл, таму баявыя дзеяннi перапынiлiся на 2 гады.
  • Апошняя за час вайны на Беларусі бітва адбылася летам 1664 г. пад Віцебскам, дзе былі разгромлены войскі ваяводы Хаванскага. Асноўныя падзеі перамясціліся на Украіну і 30 студзеня 1667 г. завяршыліся перамір'ем, падпісаным у в. Андрусава (каля Мсціслава). Паводле яго ўмоў, да Расii адыходзiлi Смаленскае i Чарнiгаўскае ваяводствы, Старадубскі пав., левабярэжная Украiна, (на 2 гады) Кіеў. Запарожская Сеч пераходзiла пад сумеснае кiраўнiцтва. 6 мая 1686 г. умовы Андрусаўскага перамір'я былі замацаваны «Вечным мірам», і дапоўнены перадачай Расіі Запарожжа і Кіева.
  • У так званай Паўночнай вайне (1700-1721) Расія і РП удзельнічалі галоўным чынам як саюзнікі. Іх сумесная дзейнасць была абумоўлена імкненнем падарваць гегемонію Швецыі ў балтыйскім рэгіёне. Першая антышведская кааліцыя стала фарміравацца ў пачатку 1699 г. у складзе Расіі і Даніі. Восенню негалосна да саюзнікаў далучылася РП. 12 лютага 1700 года саксонскія войскі, пасланыя каралём РП Аўгустам ІІ (1697-1733) асадзілі Рыгу. У сакавіку распачала ваенную актыўнасць Данія, але ўжо ў чэрвені шведскія войскі прымусілі яе пайсці на замірэнне.
  • У жніўні 1700 г. Расія аб'явіла вайну Швецыі. Але Карл ХІІ пасля атрыманай перамогі пад Нарвай у не лічыў яе моцным праціўнікам, таму скіраваў асноўныя сілы супраць РП і ў 1701 г. захапіў Варшаву, праз год - Гародню. Шляхта адрэзанага ад Польшчы ВКЛ стварыла канфедэрацыю i вясной 1703 г. падпiсала дагавор з царом Расіі Пятром I (1685-1725) аб сумеснай барацьбе супраць шведаў. 14 студзеня 1704 г. Карл ХІІ прымусіў сейм адхіліць Аўгуста ІІ ад трона і замест яго абраць каралём Станіслава Ляшчынскага. Частка шляхты адмовілася прызнаваць новага караля і аб'ядналася ў Сандамiрскую канфедэрацыю. Іх падтрымала канфедэрацыя шляхты ВКЛ. Але Аўгуст IІ сам адмовіўся ад трона, а Радзiвiлы, Пацы, Вiшнявецкiя і інш. прызналі новага караля.
  • Восенню 1704-1705 гг. руская армiя аднавiла баявыя дзеяннi на Беларусi. На баку шведаў змагалiся атрады Сапегi. Маёнткi i вёскi, якiя належалi саюзнiкам Пятра I, бязлiтасна знiшчалiся. У сваю чаргу рускiя войскi жорстка каралi насельнiцтва беларускiх гарадоў, якія былi вымушаны забяспечваць шведаў правiянтам i фуражом. Так, па загаду Пятра быў цалкам спалены горад Магiлёў.
  • У студзенi 1708 г. Карл ХII паставiў на мэце перанесцi баявыя дзеяннi на тэрыторыю Расii. Сваю дапамогу ў гэтым абяцаў украiнскi гетман Мазепа. На Беларусi шведы iзноў занялi Гародню i iншыя гарады. У лiпенi таго ж 1708 г каля м. Галоўчын, Аршанскага павета яны ўшчэнт разбiлi корпус генерала Рэпнiна.
  • Затое 28 верасня каля в. Лясная, што пад Прапойскам, рускім салдатам, якімі камандаваў Пётр, удалося разграмiць шведскi корпус генерала Левенгаупта і захапіць абоз з боепрыпасамі, прызначаны для Карла ХІІ. Гэта сражэнне ў многiм абумовiла шчаслiвы для рускiх войск вынiк генеральнай бітвы пад Палтавай 27 чэрвеня 1709 г. Невыпадкова, перамогу пад Лясной Пётр І назваў «маці Палтаўскай вікторыі». Вайна са Швецыяй скончылася ў 1721 г. яе поўным паражэннем.
  • Беларусь, дзе адбываліся моцныя баі паміж рускiм i шведскiм войскамi, панесла велiзарныя людскiя i матэрыяльныя страты. Пры гэтым гiнула i шляхта, i рэкрутаваныя ёй сяляне, нiшчылiся велiзарныя матэрыяльныя каштоўнасцi. Усяго на Беларусi загiнула, памерла ад ран, хваробы i голаду каля 700 тыс чал. з яе 2, 2 мiльённага насельнiцтва. Як шведы, так i рускiя, разглядалi беларускую зямлю як варожую тэрыторыю, а яе багаццi як звычайную ваенную здабычу.
  • 5. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яе падзелы
  • Праз 100 год пасля заключэння Люблiнскай унii унутрыпалiтычнае становiшча РП стала выяўляць прыкметы крызiсу і найперш у вышэйшых колах дзяржаўнай улады. Так, паўнамоцтвы двухпалатнага сейма пераўзыходзiлi каралеўскiя, але і ён выявіў сур'ёзную недасканаласць. Так, за час з 1652 па 1764 гг. у вынiку дэструктыўных захадаў магнатаў і іншых зацікаўленых асоб 48 пасяджэнняў сейма з 55 было сарвана ў выніку выкарыстання дэпутатамі права «лiберум вета».
  • Пачынаючы з 1648 і да 1717 г. РП знаходзілася ў стане амаль бесперапынных войнаў з Расіяй, Швецыяй, Асманскай імперыяй, крымскімі татарамі. Далёка не ўсе яны заканчваліся пераможна для яе. Суседзi РП - Прусія, Аўстрыя і Расія адкрыта выказвалi да яе тэрытарыяльныя прэтэнзii. Так, у гады Паўночнай вайны (1700-1721) прускі кароль планаваў аддзяліць ад РП узбярэжжа Балтыкі. Аўстрыя прэтэндавала на Заходнюю Ўкраіну. Расія будавала планы адносна далучэння астатняй Украіны і Беларусі.
  • Негатыўнае ўздзеянне на ўнутрыпалітычнае жыццё РП працягвала аказваць пытанне аб дысідэнтах (іншаверцах). З другога боку, нераўнапраўе насельніцтва ў справах веры выклікала ўмяшальніцтва з боку суседніх дзяржаў, асабліва лютэранскай Прусіі і праваслаўнай Расіі. Рускія цары бралі на сябе ролю абаронцы iнтарэсаў сваіх аднаверцаў у РП, а па сутнасці, умешваліся ў яе ўнутраныя справы. Так, з дапамогай рускай арміі ў 1733 г. трон заняў Аўгуст III (1733-1763). Пасля яго смерцi кожная групоўка магнатаў выставіла ўласнага прэтэндэнта за трон. Расійская імператрыца Кацярына ІІ (1762-1796) падтрымала партыю Чартарыйскіх і іх прадстаўніка - ураджэнца маёнтка Волчын Берасцейскага пав., стольнiка ВКЛ Cтанiслава Панятоўскага, якi пры каранацыi набыў iмя Аўгуст IV (1764-1795).
  • Карыстаючыся падтрымкай Расіі, праваслаўная шляхта ВКЛ утварыла канфедэрацыю з цэнтрам у Слуцку і дамаглася заканадаўчага ўраўнання ў правах усіх вернікаў РП. Спроба створанай у 1768 г. у г. Бар канфедэрацыі каталіцкай шляхты з дапамогай зброі выступіць супраць парушэння «старыны» скончылася яе разгромам рускімі войскамі ў снежні 1771 г.
  • Скарыстаўшы палiтычны крызiс, 5 жнiўня 1772 г. Расiя, Прусiя i Аўстрыя падпiсалi канвенцыю аб частковым падзеле памiж сабой тэрыторыi РП, каб тым самым «прадухiлiць дзяржаву ад поўнага разлажэння». У выніку да Расii адыйшла ўсходняя частка Беларусі.
  • Прагрэсіўная шляхта спрабавала прадухiлiць далейшы заняпад дзяржавы. 3 мая 1791 г. група дэпутатаў сейма (Г. Калантай, С. Малахоўскi, К. Сапега і інш.) дамаглася прыняцця ім канстытуцыi. У яе аснову быў пакладзены прынцып падзелу ўлад. Заканадаўчая ўлада надавалася двухпалатнаму сейму, якi выбiраўся на 2 гады i быў павiнен прымаць рашэннi большасцю галасоў, без выкарыстання «лiберум вета». Выканаўчая ўлада даручалася каралю i радзе, якая складалася з прымаса i 5 мiнiстраў. Выбарнасць каралёў забаранялася.
  • Канстытуцыя гарантавала захаванне за шляхтай правоў i яе вызначальнай ролi у грамадскiм жыццi. Мяшчанам дазвалялася набываць зямельныя ўладаннi, займаць кiруючыя пасады ў дзяржаўным апараце i войску. Сялянскае саслоўе абвяшчалася пад заступнiцтвам закону. Абвяшчалася свабода веры, але каталiцтва захоўвала статус дзяржаўнай рэлiгii.
  • Канстытуцыя 3 мая 1791 г. была першай у Еўропе. Нягледзячы на яе абмежаваны характар, яна мела прагрэсіўны характар: лiквiдоўвала феадальную анархiю, стрымлівала свавольства магнатаў, пашырала правы мяшчанства, спрыяла развіццю буржуазных адносін.
  • 2 ліпеня 1791 г. была здзейснена спроба пазбавiць Расiю падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП пад выглядам абароны правоў праваслаўных вернiкаў. З гэтай нагоды ў Пiнску быў склiканы вышэйшы сход праваслаўных дзеячаў - «Генеральная кангрэгацыя», якiя пастанавiлi: замест расiйскага Сiнода прызнаць вяршэнства Канстанцiнопальскага патрыярха i абраць аўтакефальнае кiраванне ў РП.
  • Тым не менш, ні канстытуцыя, ні кангрэгацыя не абаранiлі краіну ад далейшага крызісу дзяржаўнасці. 14 мая 1792 г. у Пецярбургу праціўнікамі рэформ быў абвешчаны акт канфедэрацыi, а з г. Таргавіцы (Падолле) на Варшаву пад лозунгам абароны самабытнага дзяржаўнага парадку рушылі сілы канфедэратаў пры падтрымцы 100-тысячнага расійскага войска. 24 ліпеня 1792 г. на іх бок перайшоў сам кароль, а яго войска - у падпарадкаванне канфедэратаў. Патрыятычна настроеныя генералы Касцюшка, Панятоўскі і інш. падалі ў адстаўку. Тым самым праціўнікі рэформ падрыхтавалi новы падзел РП. Так, 12 студзеня 1793 г. у Пецярбургу была падпiсана канвенцыя памiж Расiяй i Прусiяй, паводле якой да Расii адыйшлi землi Цэнтральнай Беларусі, а таксама правабярэжная Ўкраiна.
  • Патрыятычна настроеная шляхта ўстала на шлях узброенай барацьбы за вяртанне да РП страчаных тэрыторый. Цэнтр па падрыхтоўцы паўстання размяшчаўся ў Лейпцыгу. У Вiльнi дзейнiчала тайная арганiзацыя на чале з палкоўнікам Я. Ясiнскiм. Паўстанцы звязвалі свае спадзяваннi на поспех са славутым генералам Т. Касцюшкам. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве ён абвясціў «Акт паўстання грамадзян» і заклiкаў да ўдзелу ў вызваленнi краiны. У ноч з 22 на 23 красавiка паўсталі жыхары Вiльнi. Я. Ясінскі ўзначаліў часовы ўрад - Найвышэйшую Лiтоўскую Раду.
  • У маі пасля вызвалення Варшавы была сфарміравана Найвышэйшая нацыянальная Рада з 40 чал. на чале з Т. Касцюшкам. Як камандуючы ўзброенымі сіламі ён абвясціў агульную мабілізацыю, накiраваў сваiх эмiсараў у раёны, не ахопленыя супрацiўленнем; разаслаў звароты да насельніцтва. У прыватнасці, сялянам гарантавалася апека ўрада; усе яны абвяшчалiся асабiста свабоднымi. Складзеныя з сялян атрады зваліся касінерамі.
  • У канцы чэрвеня 1794 г. ваенная iнiцыятыва перайшла да рускiх войск. Ахопленая паўстаннем тэрыторыя стала няўхільна звужацца. 12 жнiўня склалі зброю абаронцы Вільні. 17 верасня 1794 г. пад Крупчыцамi каля Кобрына генерал А. Сувораў разбiў корпус Серакоўскага, а ўсе ацалелыя паўстанцы адступілі на тэрыторыю Польшчы. 10 кастрычнiка на падыходах да Варшавы, пад Мацяёвіцамі адбылася другая буйная бiтва паўстанцаў з рускiм войскам, якая скончылася іх разгромам. Паранены Т. Касцюшка трапіў у палон, а новым галоўнакамандуючым быў прызначаны Т. Ваўжэцкi. Але ваенная ініцыятыва па-ранейшаму належала рускім войскам. Пасля капітуляцыі Варшавы і аб'яўленай А. Суворавым амністыі паўстанцы паўсюдна на працягу тыдня склалі зброю. Такiм чынам, першая спроба шляхты аднавiць РП у межах 1772 г. была няўдалай. Асноўныя прычыны паражэння - у значнай перавазе ўзброеных сiл Расii.
  • 13 кастрычнiка 1795 г. у Пецярбургу памiж Аўстрыяй, Прусiяй i Расiяй была падпiсана новая канвенцыя аб канчатковым падзеле РП. У ліку іншых зямель да Расiйскай iмперыi адыйшла Заходняя Беларусь. РП перастала існаваць, галоўным чынам, з-за нястрыманага свавольства магнатаў, недасканаласці сістэмы дзяржаўнага кіравання і мэтанакіраванай палітыкі суседніх дзяржаў.
  • Спіс выкарыстаных крыніц
  • 1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. - Мн., 1994.
  • 2. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст.: Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель і інш. - Мн., 2000.
  • 3. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. - Мн., 1998.



Реклама
В соцсетях
рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать рефераты скачать